Акруговая камісія абвесціла папярэджанне Вользе Маёравай



Забароненая перадвыбарчая агітацыя? У гэтым вінавацяць прадстаўніцу Аб’днанай грамадзянскай партыі Вольгу Маёраву, якой на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі №107 у Менску абвесцілі папярэджанне. Невядомы “ўважлівы” грамадзянін паведаміў акруговай камісіі, што ў паштовай скрыні знайшоў партыйную ўлетку АГП. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што папярэджанне яго паплечніцы мае палітычна матываваны характар, а ўлётка не мае ніякага дачынення да выбарчай кампаніі.

– Мы зрабілі ў адносінах да шэрагу нашых нанова абраных кіраўнікоў арганізацый інфармацыйныя матэрыялы. Там няма ні слова пра выбарчую кампанію. Вольга сама не мае ніякіх адносін да гэтай інфармацыйнай прадукцыі. Яна яе не друкавала і не распаўсюджвала. Аднак ёй даюць папярэджанне. Тут палітычная падаплёка для нас абсалютна відавочная. Таму што я бачыў на тэлевізіі некалькіх кандыдатаў ад “Белай Русі”, якія балатуюцца, якіх паказваюць як добрых урачоў, настаўнікаў. Чаму мы не можам сказаць менчукам, што ў нас з’явіўся адзін з лідараў менскай арганізацыі – вельмі добры і таленавіты чалавек. Мы зацікаўлены ў раскрутцы гэтых людзей.

АГП плануе абскардзіць папярэджанне, дадзенае Вользе Маёравай. Раней яшчэ аднаму сябру партыі – Мікалаю Казлову – акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па бюракратычнай падставе. Аднак у выніку абскарджвання Менская гарадская камісія задаволіла скаргу актывіста. У выніку група была зарэгістравана і рыхтуецца праводзіць пікеты ў сталіцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя