Акцыя пратэсту ў цэнтры Масквы



Некалькі дзён таму ў сацсетках сталі з’яўляцца заклікі выйсці на акцыю пратэсту ў цэнтры Масквы 2 красавіка, аднак заяўка на правядзенне акцыі не падавалася, таму мерапрыемства несанкцыянаванае.

Адным з першых паліцыя затрымала школьніка з Канстытуцыяй і падручнікам па алгебры.

 

«Пры ператрусе ў затрыманага школьніка знайшлі падручнік па алгебры, Канстытуцыю і пачак грошай (хутчэй за ўсё, цацачных)», – паведаміў у Twitter блогер Ілля Варламаў.

Пазней затрыманыя былі мужчына са сцягам Расеі, а таксама 18-гадовы юнак і мужчына, які перад гэтым некалькі разоў спытаў у падлетка пра тое, што ён робіць на плошчы, і запатрабаваў, каб ён ішоў дадому.

Потым масавыя затрыманні адбыліся ля метро «Маяковская». Блізу 100-150 чалавек прайшлі маршам па Цвярской вуліцы. Следам за імі ехалі два аўтазакі і ішлі супрацоўнікі АМАПа.

Людзей выхоплівалі з натоўпу і адводзілі ў аўтазак літаральна аднаго за адным. Да гэтага моманту затрымалі блізу 40 чалавек, паведамляе novayagazeta.ru.

Ні адна палітычная ці грамадская арганізацыя не анансавала на сёння акцыю ў Маскве. Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу за заклікі да масавых беспарадкаў.

Фота: „Новая газета”