Алег Волчак: Суд над Пальчысам павінен быць адкрытым



Праваабаронца Алег Волчак распавёў, ці можа паўплываць статус палітвязня на канчатковае рашэнне суда.

Алег Волчак

Як вядома, не так даўно праваабаронцы прызналі блогера і стваральніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса палітвязнем. Суд над ім пачнецца 14 кастрычніка.

Алег Волчак: Наш цэнтр “Прававая дапамога насельніцтву” выступаў за прызнанне Пальчыса палітзняволеным яшчэ тады, калі яго затрымалі ў Расеі і дэпартавалі ў Беларусь. А статус палітвязня – дастаткова важкі аргумент, бо ў такім выпадку да справы ўжо падключаюцца міжнародныя праваабарончыя структуры. Яны звяртаюцца ва ўрад, звяртаюць увагу на гэты факт. Адным словам, справа знаходзіцца пад увагай міжнародных назіральнікаў, якія ў сваю чаргу ставяць вострыя пытанні беларускім уладам. Гэта свайго роду ціск на ўлады, і ўсе мы памятаем, што многія прысуды былі больш мяккія па палітычных справах. Ды і многія палітвязні вызваляліся пад тым жа міжнародным ціскам.

РР: На ваш погляд, якія перспектывы справы Пальчыса?

Алег Волчак: Дадае праблем тое, што судовы працэс над журналістам плануюць зрабіць закрытым. Трэба настойваць на тым, каб суд быў адкрытым, бо не думаю, што ў гэтай справе ёсць нейкія вялікія дзяржаўныя сакрэты. Там жа не будуць разглядацца факты карупцыі высокіх чыноўнікаў, якія датычацца сферы інтарэсаў дзяржавы.

РР: Чаму працэс хочуць зрабіць закрытым?

Алег Волчак: Магчыма, ёсць нейкія моманты, якія датычацца аператыўна-пошукавай дзейнасці сілавікоў. Але ж можна было суд зрабіць адкрытым, а ў тыя дні, калі будуць заслухвацца аператыўнікі, якія не хочуць раскрываць свае таемныя метады працы, няхай ён будзе закрыты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя