Алена Луцковіч: мы можам страціць краіну



У Калінкавічах прайшоў пікет у падтрымку дэмакратычнай кандыдаткі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алены Луцковіч.

5b2912831561189684e9953c5697577402997c7877608291b0pimgpsh_fullsize_distr

Падтрымаць калегу прыехаў кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька, намесніца старшыні Руху „За свабоду” Галіна Скараход, а таксама мясцовыя актывісты. Сябра ініцыятыўнай групы Алены Луцковіч Дзяніс Рабянок заўважае, што ў Калінкавічах многія выбарцы крытычна ставяцца да кандыдата ад улады:

– Кандыдат ад улады – гэта старшыня Мазырскага райвыканкама Яўген Адаменка, але да гэтага ён быў старшынём Калінкавіцкага райвыканкама, таму людзі яго добра ведаюць. Гэта стопрацэнтны чалавек улады, які ідзе ў палату проста падымаць руку – усё. Ён там чатыры гады папрацуе, а потым атрымае дадатковыя 15 мільёнаў да пенсіі.

Нізкія заробкі, беспрацоўе, беспакаранасць чыноўнікаў — на гэтыя праблемы звяртаюць увагу выбарцы Калінкавіцкай выбарчай акругі №41. Грамадзяне актыўна падыходзяць да пікетаў апазіцыйнай кандыдаткі Алены Луцковіч, каб пачытаць біяграфічныя звесткі і азнаёміцца з партыйнай праграмай.

97a8c171d373bfdc5ca7d736b6435e66d8af7f6596fa181566pimgpsh_fullsize_distr

Мужчына сталага веку:

– Усё трэба мяняць. Думаю, што мінімум працэнтаў 70 дзяўчына магла б атрымаць на выбарах.

Жанчыны з дзіцячым вазком:

– Што гэтае дзіцё памяняе? Нашую сістэму не памяняе ўжо нішто. Мы не верым нікому.

Пенсіянерка:

– Я прапрацавала 35 год, а мой муж — 40. Цяпер на пенсіі мы вымушаныя таксама падпрацоўваць, каб дазволіць сабе штосьці купіць у краме. Людзі зняверыліся ўжо ва ўсім. Няма даверу да кандыдатаў ад улады, якія толькі абяцаюць. Некалькі год таму быў адзін такі, які стаў дэпутатам, з’ехаў у Менск, пабудаваў там кватэру і кінуў сваю сям’ю.

87ddf96d94d2877be8062604d2078a246d4fa1596279779f5fpimgpsh_fullsize_distr

Алена Луцковіч тлумачыць матывацыю свайго ўдзела ў выбарах занепакоенасцю за будучыню краіны:

– Мы проста можам страціць сваю краіну, калі не будзем нешта рабіць. Я раблю для сваёй краіны тое, што магу. Я магу вылучацца на выбарах, прапанаваць сваю альтэрнатыўную праграму… Калі я зафіксавала на мінулых выбарах фальсіфікацыю, усё што я магла, я зрабіла. Я выйшла на пікет, я падала ўсе скаргі ў адпаведныя інстанцыі. Я думаю, што калі б кожны чалавек зрабіў штосьці менавіта ў межах сваіх магчымасцяў, мы б змаглі б значна палепшыць сваё жыццё.

На Гомельшчыне cпаборнічаюць за дэпутацкія мандаты 65 чалавек. З іх стануць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў толькі 17.

c2bf7cda66889d5392871000e8b61225eac52a4f5c5be1ce00pimgpsh_fullsize_distr

Беларускае Радыё Рацыя, Калінкавічы