Алесь Лагвінец асуджаны на 10 сутак арышту



Затрыманы 23 сакавіка апазіцыйны палітык Алесь Лагвінец асуджаны на 10 сутак арышту. Такое рашэнне прыняў 27 сакавіка суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Віктар Казак.

Лагвінца затрымалі ў сталіцы 23 сакавіка непадалёк ад дома, жорстка збілі, а затым абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам на вуліцы.

Да суда Алесь Лагвінец знаходзіўся ў 9-й бальніцы, дзе яго кругласутачна ахоўвалі канваіры. У палаце былі яшчэ два пацыенты. Урачы дыягнаставалі ў Лагвінца чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мозгу, удары на руках і нагах. У такім стане ён паступіў пасля затрымання супрацоўнікамі АМАПа.

„З боку маё затрымання выглядала як выкраданне, — расказаў палітык. — Прахожыя крычалі, выклікалі міліцыю. Супрацоўнікі АМАПа не назваліся, не паказалі дакументы. Казалі мне: „жывёліна прадажная”. Ужо ў мікрааўтобусе спачатку збілі, потым адзін з байцоў сеў на мяне. У аддзяленні міліцыі здзекі працягнуліся. Я быў у наручніках, а так званыя афіцэры гаварылі, што будуць біць так, што мне не снілася”.

Адразу пасля затрымання Лагвінца прывезлі ў суд, але яго стан быў такі, што там адразу ж выклікалі хуткую дапамогу.

Сёння працэс пад старшынствам суддзі Казака прадоўжыўся. Супрацоўнік АМАПа Максім Кавальчук расказаў, што 23 сакавіка ён з калегам патруляваў вуліцы, абодва працавалі ў цывільным адзенні. Які менавіта ўчастак знаходзіўся пад яго кантролем, Кавальчук не назваў — „проста Маскоўскі раён”. Паводле слоў амапаўца, ён заўважыў, як Лагвінец лаецца матам і размахвае рукамі.

Алесь Лагвінец прама спытаў у Кавальчука: „Вы разумееце, што цяпер хлусіце ў судзе?” „Не”, — адказаў амапавец. Ён заявіў, што Лагвінец сам біўся галавой аб крэсла ў службовай машыне, пасля чаго супрацоўнікі міліцыі вырашылі надзець на яго наручнікі. „І тады ён супакоіўся”, — дадаў Кавальчук.

„Вы разумееце, што будзеце адказваць за свае дзеянні — за тое, што парушалі закон?” — зноў пацікавіўся Лагвінец у Кавальчука. „Я закон не парушаў, але за свае дзеянні буду адказваць”, — заявіў у адказ сведка.

Услед за ім паказанні даў яшчэ адзін сведка — камандзір групы мінскага АМАПа Аляксандр Цюніс. Ён заявіў, што нічога не ведае аб палітычных поглядах Лагвінца, і сцвярджаў, што не збіваў палітыка. „Мы размаўлялі з вамі ветліва і ласкава, на „вы”. Ніхто вас не збіваў, закон ніхто не парушаў”, — сказаў Цюніс. Якім чынам Лагвінец атрымаў ЧМТ і страсенне мозгу, ён, як і першы сведка, растлумачыць не змог.

„Вам не сорамна? Вы ганьбіце беларускую міліцыю”, — сказаў Лагвінец Цюнісу. „Не, не сорамна”, — адказаў той. „Вы разумееце, што працуеце на злачынны рэжым? І за гэта вам плацяць вялікія грошы”, — дадаў падсудны. „Вялікія? Добра, гэта я не буду каментаваць”, — заявіў у адказ Цюніс.

У судзе таксама дапыталі сына палітыка Антона Лагвінца, якога затрымалі разам з бацькам, але потым адпусцілі. Ён пацвердзіў, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі жорстка, лаяліся матам, збівалі бацьку. „Я прасіў, каб яны спыніліся, але яны не слухалі”, — расказаў Антон.

Суддзя адмовіўся выклікаць у суд яшчэ некалькіх сведак, якія былі відавочцамі затрымання Алеся Лагвінца, і пастанавіў арыштаваць палітыка на 10 сутак. Гэтае рашэнне прысутныя ў зале сустрэлі крыкамі „Ганьба!”.

Тэрмін пакарання Лагвінца вылічаецца з моманту затрымання 23 сакавіка.

Размаўляючы з журналістамі падчас перапынку, Алесь Лагвінец заявіў, што напярэдадні Дня Волі ў Беларусі дэ-факта было абвешчана ваеннае становішча. „Улада баіцца пратэстных настрояў у грамадстве. Самае страшнае для рэжыму — страціць кантроль, таму ўсіх прэвентыўна затрымалі, а саму акцыю брутальна разагналі”, — сказаў ён.

БелаПАН