Алесь Міхалевіч падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы



Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч вечарам 1 ліпеня падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты. Як паведаміў палітык БелаПАН, ён вылучаецца ў Менску па 109-й Уруцкай выбарчай акрузе.

Алесь Міхалевіч

Міхалевіч патлумачыў, што ў рамках выбарчай кампаніі плануе таксама вылучацца ад Партыі БНФ, паколькі фігуруе ў партыйным спісе патэнцыйных кандыдатаў. Паводле слоў палітыка, ён мае намер прытрымлівацца перадвыбарнай платформы партыі, зацверджанай на пасяджэнні сойма арганізацыі. „Вылучэнне самастойна дае мне дадатковы час для агітацыі”, — лічыць Міхалевіч.

Пры гэтым ён нагадаў, што ўсё яшчэ праходзіць абвінавачваным па крымінальнай справе аб „масавых беспарадках” у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. „Я магу вылучацца кандыдатам у дэпутаты, паколькі мае грамадзянскія правы не абмежаваныя. Аднак статус абвінавачванага для мяне непрымальны”, — адзначыў экс-кандыдат у прэзідэнты. Зараз Міхалевіч жадае атрымаць копіі матэрыялаў аб прыпыненні крымінальнай справы, аднак праваахоўнікі, спасылаючыся на нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, адмаўляюцца гэта зрабіць.

Нагадаем, справа ў дачыненні да Міхалевіча не закрытая, аднак была прыпыненая ў сакавіку 2016 года. З гэтага моманту адмененая падпіска аб нявыездзе, якая прымянялася ў дачыненні да яго, аднак следчыя дзеянні не вядуцца.

Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага 2011 года яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА.

У сакавіку таго ж года Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта рызыкай „рэальнай фізічнай расправы”, і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У ліпені 2012 года ён атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне, што ён выключаны з цэнтральнай базы даных Інтэрпола аб асобах, што знаходзяцца ў вышуку.

8 верасня 2015 года ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі пагранічнікамі на літоўска-беларускай мяжы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе. Тады палітык падаў ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ужо закрытая, аднак атрымаў адмову. Справа ў дачыненні да Міхалевіча неаднаразова прадаўжалася.