Алесь Міхалевіч: Справа прыпынена, але не закрытая



З былога кандыдата ў прэзідэнты і былога палітычнага эмігранта Алеся Міхалевіча нарэшце знялі падпіску аб нявыездзе. Ягоная крымінальная справа, датычная падзеяў 19 снежня 2010 году, прыпыненая. Аднак Алесь Міхалевіч пакуль не прымае віншаванняў.

– Справа прыпынена, але яе ніхто не закрыў. Я застаюся абвінавачаным, то бок у тым самым статусе. Але справа весціся пакуль не будзе. І я магу ездзіць па ўсім свеце абсалютна легальна.

Гэты крок уладаў звязае Міхалевіч найперш з тым, што краіне патрэбныя крэдыты. Але ягоную справу могуць у любы момант аднавіць. Зараз палітык знаходзіцца ў Чэхіі.

– Я з радасцю скарыстаўся тым, што магу выехаць, і паехаў у Прагу, дзе я доўгі час жыў. Каб павіншаваць майго сябра з днём нараджэнння, і проста пабыць з тымі людзьмі, з якімі я быў некалькі апошніх гадоў.

На сёлетніх парламенцкіх выбарах Алесь Міхалевіч будзе кандыдатам у дэпутаты ад партыі БНФ. Ягоная акруга – Уручанская – змешчаная на самым усходзе Менску. Адначасова Міхалевіч працягвае сваю юрыдычную кар’еру.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя