Аляксандр Камароўскі: Улада балансуе…



“У наступным годзе эканамічны стан краіны будзе пагаршацца”, – лічыць сузаснавальнік аргкамітэту па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі.

Аляксандр Камароўскі: Мы надта завязаны на Расею, а там ніякага прасвету з-за агрэсіўнай палітыкі Крамля не бачна. Натуральна, яны пацягнуць за сабой у багну і Беларусь, хоць, мне падаецца, беларусы такая нацыя, што прызвычайваюцца да ўсяго. Добра яшчэ, што ў беларускага кіраўніцтва хапае розуму не ўвязвацца моцна ў расейскія аванцюры. Яно балансуе паміж Усходам і Захадам, і гэта – добрая палітыка. Хоць баланс захоўваць складана. Таму ў наступным годзе можа і будуць эканамічныя страты, але год выцягнем.

РР: Як мяркуеце, ці з’явіцца ў наступным годзе ў Беларусі расейская авіяцыйная база?

Аляксандр Камароўскі: Я не магу на сто адсоткаў спрагназаваць, як будуць разгортвацца падзеі ў 2016 годзе, але ж пакуль ад гэтай базы ўдаецца адбівацца. Беларусь, безумоўна, знаходзіцца ў вялікай залежнасці ад Расеі, і, калі Масква ўключыць усе інструменты ціску, то мала не пакажацца. Пакуль не ўключыла, а афіцыйны Менск працягвае балансаванне. Так і трэба. Апазіцыя некаторыя моманты нават да канца не разумее. Ёсць, натуральна, пытанні да ўлады, але давайце вырашаць іх усе разам. І апазіцыя нам патрэбна не сёняшняя, а іншая, якая б умела не толькі накідвацца на ўладу, але і дамаўляцца паміж сабой.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя