Аляксандр Класкоўскі: Грамадства ва ўладзе фаталізму



Адыходзячы ў гісторыю 2015 год стаў для Беларусі складаным – ён быў адзначаны пачаткам глыбокага крызісу.  Але былі і велізарныя дасягненні. Так, па меркаванні старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, такім дасягненнем з’яўляецца прысуджэнне Нобелеўскай прэміі беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч.

– Гэта падзея стала дамінуючай. І я думаю, яна толькі будзе набіраць дывідэнды. Другая падзея – эканамічны, сацыяльны, фінансавы  крызіс.  Трэцяя – новая старая стратэгія балансавання паміж Захадам і Усходам. Гэтыя трэнды мы будзем адчуваць і ў 2016 годзе. Партыя была ў рабочым рэжыме, мы былі на перадавой.  Мы не ўхіляліся ад прэзідэнцкай кампаніі. Пастараліся як мага больш моцна сказаць пра нашую праграму сістэмных зменаў “Мільён новых працоўных месцаў”.

Грамадскі і палітычны дзеяч Вінцук Вячорка:

– Вельмі важная змена гэтага года палягала ў тым, што імперскія апетыты Расеі былі зрэзаныя, найперш гераізмам украінскага народа. На жаль, адбыліся трагічныя падзеі, такія, як вяртанне тэрору на Еўрапейскі кантынент. Што тычыцца нашых унутраных праблем, то нягледзячы на ўсе намаганні Лукашэнкі  паказваць нейтралітэт, завісаць паміж дзвюма крыгамі, ён, а за ім, на жаль, і ўся нашая дзяржава і эканоміка правальваюцца ў бяздонне. Бо ступень залежнасці Лукашэнкі ад сюзерэна бязмежная. І пытанне размяшчэння ў нас расейскай вайсковай базы толькі адсоўваецца, але  не знікае. Лукашэнкаўская мадэль эканомікі церпіць паразу і, на жаль, мы панясем расплату за гэты крах у наступныя гады.

Палітолаг Аляксандар Класкоўскі:

– Год гэты даў Лукашэнку даволі лёгкую, з тэхнічнага пункту гледжання, перамогу на выбарах. Цяпер цягам наступных пяці гадоў галоўным ягоным ворагам будзе эканоміка. Тым больш, што афіцыйны лідар ужо выразна даў зразумець, што на рэформы ён не пойдзе. Але на яго будуць ціснуць знешнія крэдыторы, будзе прыціскаць Масква, шантажуючы крэдытам і праціскаючы такім чынам сваю авіябазу. Што тычыцца народу, то пакуль што ён маўчыць. І ізноў жа сацыялогія паказвае, што нягледзячы на незадаволенасць эканамічным пагаршэннем, ніякіх пратэстных настрояў пакуль што ў грамадстве не саспявае. Грамадства прытушана фаталізмам. Яно не задаволенае  ўладай, якая ўсё больш залазіць у ягоную кішэнь, але і не верыць, што можна нейкім чынам паўплываць на гэты рэжым, а тым болей яго скінуць.

Так што і адыходзячы год стаў для Беларусі годам дэградацыі, якая працягнецца і ў надыходзячым, 2016, годзе. Ці саспеюць у будучым годзе моцныя сацыяльна-пратэстныя рухі, якія дадуць надзею на перамены, гэта пакуль што пад пытаннем, – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя