Аляксандр Лукашэнка наведаў з працоўным візітам Гомель



Да прыезда кіраўніка дзяржавы мясцовыя ўлады ініцыявалі маштабныя рамонтныя працы. За рэкордны тэрмін быў заменены асфальт на некалькіх участках у цэнтры горада. Таксама працоўныя некалькі сутак фарбавалі фасады будынкаў, якія выходзяць на галоўныя вуліцы. Гамяльчанка Алеся, якая жыве ў адным з дамоў па вуліцы Савецкай, дзеліцца ўражаннямі ад аўральнай падрыхтоўкі да прыезду прэзідэнта.

– Самае цікавае пачалося, калі ў суботу раніцай, у 7.50, у нас пачалі здымаць асфальт унізе, самі разумееце, на колькі гэта шумна, на колькі гэта брудна, вокны не адчыніць, у нас былі апячатаныя паддашак і падвал, прычым зрабілі гэта позна ўвечары, і ўжо было нікуды не дазваніцца. Мы дазваніліся толькі нараніцу, і тое не адразу. Нам сказалі, што гэта звязана з прыездам прэзідэнта.

Архітэктар Сяргей Ляпін сумняецца ў якасці рамонтных работ, якія праводзіліся напярэдадні візіта Аляксандра Лукашэнкі.

– Усё пачалося з вельмі шпаркага асфальтавання вуліцы Савецкай. Далей гамельчукі пабачылі, што пачалі вельмі хутка падфарбоўвацца галоўныя фасады, пачалі фарбавацца шыферныя дахі ў чырвоны колер. І ўсё гэта адбывался з боку галоўных вуліц, каб стварыць такое ўражанне ўпарадкаванасці і прыгажосці.

У Гомелі Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на ўрачыстым запуску рэгулярнага маршрута электрацягніка Менск-Гомель, а таксама сустракаўся з працоўным калектывам фабрыкі „Спартак”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belapan.by