Аляксандр Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС



Перад паездкай у Бішкек на пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс ЕАЭС.

Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА. Пацвердзіць інфармацыю ў прэс-сакратара Лукашэнкі БелаПАН не ўдалося — Наталля Эйсмант не адказвае на тэлефанаванні.

У той жа час прэс-служба прэзідэнта паведаміла пра рабочы візіт Лукашэнкі ў Кыргызстан 13—14 красавіка. Паведамляецца, што 14 красавіка ён возьме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку. Кіраўнікі дзяржаў плануюць абмеркаваць рэалізацыю асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-членаў на найбліжэйшыя гады. „Асаблівая ўвага будзе нададзеная эканамічнаму супрацоўніцтву з трэцімі краінамі. Паводле вынікаў пасяджэння чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

У той жа дзень адбудзецца нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — членаў АДКБ. Прэзідэнты абмяркуюць „становішча ў сферы бяспекі, актуальныя выклікі і пагрозы, а таксама шляхі сумеснага процідзеяння ім”.

Як перадавалася раней, вечарам 11 красавіка Лукашэнка размаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Як паведаміла прэс-службы беларускага прэзідэнта, у цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў было „ўзаемадзеянне на інтэграцыйных пляцоўках і актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня”.

Варта адзначыць, што папярэдняе пасяджэнне Вышэйшага савета ЕАЭС, якое адбылося 26 снежня 2016 года ў Санкт-Пецярбургу, Лукашэнка праігнараваў без растлумачэння прычын. У той дзень лідары Расеі, Арменіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі Мытны кодэкс ЕАЭС.

Праз два дні, 28 снежня, Лукашэнка ўхваліў праект дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС. Дзяржаўны мытны камітэт быў упаўнаважаны на правядзенне перамоў аб праекце дагавора. Ва ўказе адзначалася, што беларускі бок падпіша дакумент „пры дасягненні дамоўленасці ў межах ухваленага праекта”.

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ і грамадскасці Лукашэнка растлумачыў: „Я не падпісаў Мытны кодэкс таму, што многае, што павінна было быць, не працуе. Больш за тое, я даручыў адклікаць асноўных нашых спецыялістаў з мытных органаў. Без вырашэння праблем я нават не дакрануся да гэтага кодэкса і іншых пытанняў”.

БелаПАН