Аляксандр Лукашэнка: Ужо надакучыла, гэта ўжо цераз край



Аляксандр Лукашэнка назваў націскам з боку Расеі зніжэнне паставак нафты ў Беларусь з-за спрэчак па цане на газ, а таксама даручыў ураду аптымізаваць удзел Беларусі ў інтэграцыйных праектах. Пра гэта ён паведаміў 20 верасня ў Менску на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Рыгорам Рапотам.

„Мы целяпаемся (інакш не скажаш) і ўжо некалькі месяцаў не можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расея знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як націск на Беларусь, але націску я не пацярплю, і беларусы таксама”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Нагадаем, газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Менск настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу, Расея з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм`ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ. Ён таксама падкрэсліў, што Расія не павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь, пакуль не будзе пагашаны доўг за газ.

12 верасня Лукашэнка даручыў ураду на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасці з расейскім бокам аб пастаўках энерганосьбітаў. Аднак пасля перамоў на ўзроўні віцэ-прэм`ераў пасольства Беларусі ў Расеі паведаміла, што дасягнуць кампрамісу па газавым пытанні ўрадам дзвюх краін не ўдалося.

Сёння на сустрэчы з Рапотам беларускі кіраўнік таксама заклікаў Расею вызначыцца з будучыняй сумесных інтэграцыйных праектаў. „Не хаваў і не буду ў гэтай гутарцы хаваць: занадта шмат праблем намецілася ў нас у краіне, занадта шмат крытыкі ў адрас не толькі інтэграцыі на ўзроўні дзвюх дзяржаў, але і на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза, СНД. Хоць СНД тую функцыю, якую можа выконваць, выконвае і рухаецца тымі тэмпамі, якія мы задаем. Галоўнае — гэта, вядома ж, Еўразійскі эканамічны саюз і саюз Беларусі і Расіі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што пры пастаўках у Расею блакуюцца некаторыя беларускія тавары, асабліва прадукты харчавання, якія закупляе Еўрасаюз. „У Расеі яны чамусьці „няякасныя”. Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных цэнах у Расею, мы б`ем па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расеі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны націскаюць на ўрад (там сувязі, вы ведаеце не горш за мяне, якія), а ўрад дае каманду „фас” рознага роду чыноўнікам, ад Рассельгаснагляда і гэтак далей. Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак, пяць закрываюць, пяць адкрываюць, шэсць потым закрываюць. Ідзе непрыхаваны націск”.

„Я чаму адкрыта пра гэта кажу? Таму што ўжо надакучыла, гэта ўжо цераз край, далей так працягвацца не можа, — дадаў Лукашэнка. — Яшчэ кажу гэта таму, каб вы разумелі, на якім фоне мы сёння гаворым пра далейшае развіццё нашага саюзнага праекта. Тое, што я сказаў, ні ў якім разе не азначае, што мы будзем у нейкім плане згортваць інтэграцыйныя праекты, але свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць. Я даў такое распараджэнне ўраду і Адміністрацыі прэзідэнта”.

belapan.by