Аляксандр Мілінкевіч: Байкот не мае сэнсу



Лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч распавядае, чаму ў сённяшніх умовах немагчымы байкот выбараў.

egw2ds_w631h356

Аляксандр Мілінкевіч: Усе ведаюць, што празрыстых выбараў няма, але мы ідзем на іх, каб была дыскусія ў грамадстве. Каб мы маглі выступіць па радыё і тэлебачанні ды данесці свае погляды да людзей. А што датычыцца ігнаравання выбарчай кампаніі… Слова “байкот”, безумоўна, прыгожае, але гэта проста дэманстрацыя таго, што мы не прымаем сістэмы, якая склалася ў краіне. Але сапраўднага байкоту апазіцыя не можа арганізаваць. Бо сапраўдны – гэта калі людзі паслухаліся і не пайшлі на выбары. Аднак жа народ прыходзіць на выбарчыя ўчасткі. Можа быць, і з прымусам, але ж галасуюць. Так што апазіцыя проста не мае сілаў арганізаваць байкот, гэта ж павінна быць велізарная кампанія. На гэта няма людскіх рэсурсаў, таму трэба казаць не пра байкот, а няўдзел. Людзі проста на канапе хочуць перасядзець выбары. Але ж народ спытае ў такім выпадку: «А дзе альтэрнатыва? Можа быць, гэты рэжым кепскі, але ж выбару няма». Таму трэба ўдзельнічаць у такіх кампаніях і казаць беларусам праўду. Распавядаць, што яны самі выбіраюць лёс для сябе і сваіх дзяцей. 

РР: Не чакаеце нейкіх сюрпрызаў ад гэтых выбараў?

Аляксандр Мілінкевіч: Калі ў парламенце з’явіцца некалькі людзей з дэмакратычнага лагеру, то гэта можа быць і сюрпрызам. І не выключаю, што ўлады пойдуць на такі крок, бо тут для іх будзе больш дывідэндаў, чым мінусаў. Але ў любым выпадку з пад кантролю рэжым выбары не выпусціць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя