Аляксандр Радзькоў не адмаўляецца ад ідэі стварыць партыю з „Белай Русі”



Пытанне пераўтварэння грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у партыю з парадку дня не здымаецца, заявіў старшыня аб’яднання Аляксандр Радзькоў на пасяджэнні рэспубліканскага савета «Белай Русі».

Па словах Радзькова, гэтае пытанне разглядаецца як адзін з этапаў эвалюцыйнага развіцця «Белай Русі». Паводле слоў Радзькова, цалкам відавочна, што адной з неабходных умоў існавання дзейснай палітычнай сістэмы з’яўляецца канкурэнцыя, спрэчкі, якія не пераходзяць пэўныя межы, але спрыяюць выпрацоўцы новых механізмаў вырашэння праблем, якія стаяць перад краінай.

Радзькоў заявіў, што «Белая Русь» павінна стаць ядром грамадскага жыцця краіны, апорай у рэалізацыі курсу прэзідэнта. Аб’яднанне павінна праводзіць працу «па фармаванні грамадскай думкі на аснове цэнтрысцкай ідэалогіі, даваць сваю ацэнку таго, што адбываецца і прапаноўваць шляхі развіцця ў будучыні». Для гэтага прапануецца развіваць інстытут грамадскіх прыёмных «Белай Русі», дадаў Аляксандр Радзькоў.