Аляксандр Сілкоў: Гэта былі нахабныя выбары ў парламент



Рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў распавядае пра парламент новага склікання і апошнюю выбарчую кампанію.

Аляксандр Сілкоў: Усе вынікі назірання за парламенцкай кампаніяй мы падсумавалі ў кнізе, якая выдадзена на беларускай і ангельскай мове. І выснова адна: сама кампанія і падлік галасоў – дзве розныя плоскасці. Там, дзе ў нас было татальнае назіранне, можна сказаць, што выбары не адбыліся. Па-другое, як мы ўжо казалі, адкрытага падліку галасоў не было амаль на 100 адсотках участкаў. Таму так званы парламент зараз распачаў сваю працу, але нельга сказаць, што дэпутаты насамрэч былі абраныя воляй народу. Маецца мноства прыкладаў (асабліва ў Менску), дзе яўка, па нашых падліках, складала  адну лічбу, а па афіцыйных – зусім іншую. Мы падлічым адну лічбу, затым нашых назіральнікаў – у бок, і з’яўляецца зусім іншая. Таму гэтыя выбары дэмакратычнымі і галоснымі прызнаваць ні ў якім разе нельга. Больш за тое. Мне падаецца, што ў параўнанні з прэзідэнцкімі гэтыя выбары былі больш нахабнымі.

РР: Такімі словамі вы можаце пакрыўдзіць дэмакратычных прадстаўнікоў у парламенце Алену Анісім і Ганну Канапацкую…

Аляксандр Сілкоў: У акрузе, дзе балатавалася спадарыня Анісім, зусім не было назіральнікаў, таму я нічога не магу сказаць. У акрузе Канапацкай за выбарамі назіралі прадстаўнікі “Гавары праўду”, але ж яны таксама казалі, што яўкі не было. Гэта трэба прызнаваць. А перамагла ці не перамагла Канапацкая – ужо іншае пытанне. Дарэчы, на пасяджэнні ПАСЕ таксама была зроблена выснова, што падлік не быў галосным на большасці ўчасткаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя