Аляксандр Ярашук: Трэба выкарыстоўваць тыя магчымасці, што маем



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук падвёў вынікі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая прайшла ў Жэневе.

Аляксандр Ярашук

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) запатрабавала ад ураду Беларусі выканаць усе неабходныя рэкамендацыі камісіі па раследванні ад 2004 году па паляпшэнні сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў. Зроблена гэта павінна быць да 2016 году, калі адбудзецца наступная Міжнародная канферэнцыя працы.

Беларусь увайшла ў дзясятку найгоршых краін для працоўных паводле версіі Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП). Такія звесткі ўтрымліваюцца ў глабальным індэксе па правах працоўных за гэты год, які МКП прэзентавала на 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе.

Аляксандр Ярашук: Беларуская сітуацыя па-ранейшаму знаходзіцца ў цэнтры ўвагі МАП. За апошні час Беларусь сем разоў уносілася ў спецпараграф, а адзін раз прызначалася спецыяльная камісія МАП па раследванні, пасля чаго былі адкліканы гандлёвыя прэферэнцыі. Гэтая, чарговая канферэнцыя МКТ толькі пацвердзіла нязменнасць пазіцыі і прынцыповых падыходаў з боку гэтай старэйшай і ўплывовай арганізацыі ў адносінах да беларускай сітуацыі. Беларусь сем разоў уносілася ў спецпараграф, справа існуе больш за дзесяць гадоў! Гэта свайго роду сусветны рэкорд. Здаецца, ніводная краіна так доўга не знаходзілася ў якасці аб’екта прэтэнзій з боку Міжнароднай арганізацыі працы. І наша мэта – не спецпараграф. Галоўная задача – вярнуць страчаныя беларускімі працоўнымі правы, свабодна ствараць незалежныя парафсаюзы. Улічваючы, што нядаўна выдадзены Дэкрэт №4 крыху палегчыў умовы стварэння прафсаюзных арганізацый, гэты было станоўча ўспрынята на канферэнцыі. Хоць усе мы разумеем, як гэты дакумент будзе працаваць на самай справе.

РР: Увогуле, ці задаволены вы вынікам канферэнцыі?

Аляксандр Ярашук: Так. Хаця б таму, што беларускі ўрад паказаў, што гатовы працягваць дыялогі з незалежнымі прафсаюзамі. Мы зацікаўлены ў гэтым, хоць і разумеем, што прынцыпова сітуацыю гэта не змяняе. Ніякая знешняя сіла – ні МАП, ні Еўразвяз, ні ААН – нашу сітуцыю не зменіць, што датычыцца дэмакратычных пераменаў. Гэта ўнутраная праблема. Але сёння трэба выкарыстоўваць тыя магчымасці, што маем.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя