Амаль 100% выракаў па крымінальных справах – абвінаваўчыя



Амаль 100 % судовых выракаў па крымінальных справах у беларускіх судах за першае паўгоддзе 2016 года мелі абвінаваўчы характар. З фігурантаў 20919 крымінальных справаў былі апраўданыя толькі 44 асобы. Праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што негатыўная статыстыка сведчыць пра адсутнасць незалежнага суда ў Беларусі.

– Кіраўнік дзяржавы судовую сістэму трымае ў ручным рэжыме. І калі, напрыклад, ён кажа, што гэты чалавек не павінен жыць, судовая сістэма гэта выконвае. Літаральна разумее гэтыя словы. І мы на практыцы гэта бачылі. Умяшальніцтва выканаўчай улады ў судовую, якая паводле Канстытуцыі ў нас незалежная, яўнае.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэту па Гомельшчыне Алесь Яўсеянка ўзгадвае вынікі спецыяльнага даследавання, якое праводзілася ў пачатку 2000-х гадоў.

– Таццяна Процька займалася такім даследаваннем гадоў 10 таму. Колькасць апраўдальных прысудаў  па крымінальных справах у часы сталінскіх рэпрэсій у 30-40 гады была большай у параўнанні з беларускай статыстыкай  пачатку 2000-х.

Паводле статыстыкі, прыведзенай на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда Беларусі, большасць апраўдальных прысудаў па крымінальных справах 2016 года тычыліся наўмыснага прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель