Амбасада Беларусі можа вярнуцца ў Швецыю



Беларусь вывучае магчымасць аднаўлення працы свайго дыппрадстаўніцтва ў Швецыі, магчыма, пасольства запрацуе ў наступным годзе.

Пра гэта заявіла 2 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, паведамляе РІА «Навіны».

„У дыпламатыі прынцып узаемнасці – адзін з ключавых. Таму, вядома, зараз разглядаецца магчымасць таго, каб, можа, у наступным годзе аднавіць працу беларускай амбасады ў Швецыі”, – сказала Купчына журналістам.

Пасольства Швецыі ў Менску было зачынена 30 жніўня 2012 года. Тады ж спыніла працу і пасольства Беларусі ў Стакгольме.

Дыпламатычнаму канфлікту папярэднічала рашэнне беларускіх уладаў аб непрадаўжэнні акрэдытацыі шведскаму паслу Стэфану Эрыксану, якога абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. Пасля закрыцця двух пасольстваў функцыі пасольства Швецыі ў Менску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускага ў Стакгольме – пасольства ў Латвіі.

Вясной 2013 года беларускі бок задаволіў просьбу шведскага і акрэдытаваў ў Менску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі Марціна Обэргэ. У красавіку 2015 ён быў прызначаны амбасадарам.