Амбасадар Польшчы: Мы разлічваем на спакойны і канструктыўны дыялог



Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік правёў вялікую прэс-канферэнцыю ў Менску з нагоды трох месяцаў ад пачатку сваёй працы.

5519e737486172bd991cd4db56283d9d

Конрад Паўлік: Шостага чэрвеня ў уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку і такім чынам афіцыйна распачаў сваю дыпламатычную місію ў Рэспубліцы Беларусь. Думаю, гэта добрая нагода, каб падвесці вынікі трох месяцаў працы і падзяліцца планамі на будучыню. Я рады, што пачатак маёй дыпламатычнай місіі супаў з працэсам нармалізацыі польска-беларусікх дачыненняў. Я думаю, што гэта цікавы і важны перыяд, які адкрывае новыя магчымасці супрацы паміж нашымі краінамі ў розных галінах. Я хачу нагадаць, што напрыканцы сакавіка, літаральна праз некалькі дзён пасьля майго прыезду Менск наведаў міністр замежных спраў Польшчы, спадар Вітальд Вашчыкоўскі, і гэта быў першы візіт такога роўню з 2010 года. Я хачу працаваць у духу тых заяваў, што прагучалі ў час візіту польскага міністра ў Менск: пра гатовасць да дыялогу і супрацы па ўсіх пытаннях, у тым ліку і па складаных пытаннях. Мы зыходзім з таго, што нармалізацыя павінна датычыць усіх сфераў.

Мне часта задаюць пытанне: А што азначае «нармалізацыя»? Нармалізацыя — гэта не толькі палітычныя дачыненні, яны датычыць усіх сфераў супрацы і мы зыходзім менавіта з такой філасофіі пабудовы далейшых узаемадачыненняў. Не толькі эканоміка і трансгранічная супраца, дзе ўзаемадзеянне і ўзаемная карысць для абодвух бакоў найбольш відавочныя, але і гістарычны дыялог і справы польскай дыяспары, польскай нацыянальнай меншасці. Мы разлічваем на спакойны канструктыўны дыялог па ўсіх пытаннях, у тым ліку складаных, і мы самі гатовыя да такога дыялогу.

Мы хочам развіваць прававую дагаворную базу. Адзін з нашых прыярытэтаў — павелічэнне колькасці польскіх візаў для грамадзян Беларусі. Дзеля гэтага ў сакавіку мы запусцілі працу так званых візавых цэнтраў, якія значна спрасцілі доступ да польскіх візаў грамадзянам Беларусі. Цяпер па польскія візы можна звяртацца ў 8 візавых цэнтраў у такіх гарадах як Менск, Гародня, Берасце, Баранавічы, Пінск Гомель, Магілёў і Ліда, у 3 консульствы: у консульскі аддзел пры амбасадзе ў Менску і 2 Генконсульствы ў Берасці і Гародні, а таксама ў генконсульства Латвіі ў Віцебску, з якім у нас падпісаная дамова аб візавым прадстаўніцтве. Нагадаю, што ў 2015 годзе польскія консульствы выдалі амаль 400 тысяч візаў і я спадзяюся, што гэтая лічба будзе толькі расці. Павялічваецца таксама лічба шматразовых і шматгадовых візаў, мы таксама плануем прымяніць спрошчаную візавую працэдуру ў сувязі з удзелам у Сусветных днях моладзі, якія пройдуць напрыканцы ліпеня ў Кракаве, каб тыя, хто возьме ўдзел, а мы ацэньваем што такіх людзей з Беларусі будзе некалькі тысяч, маглі атрымаць бясплатныя візы.    

РР: Польская амбасада была ініцыятарам шэрагу культурных і літаратурных праектаў, ці будуць яны працягвацца? А можа вы прапануеце нешта новае? І ўвогуле, ці будзеце вы вучыць беларускую мову? Ваш папярэднік ужо даволі някепска размаўляў на ёй напрыканцы свайго тэрміну.

— Размаўляў? Вялікі дзякуй за пытанне. Я стараюся вучыць беларускую мову і спадзяюся, што неўзабаве змагу адказаць на ўсе пытанні па-беларуску. Што тычыцца культурных мерапрыемстваў, мы адна з нешматлікіх амбасадаў, акрэдытаваных у Беларусі, якія дастаткова актыўна і шырока ладзяць розныя культурныя мерапрыемствы, нават у тым жа прэс-клубе я ўдзельнічаў і праводзіў майстар-класы для маладых журналістаў і рэпартажыстаў, разам са Святланай Алексіевіч. Мы бачым розныя мерапрыемствы ў розных галінах і гэта не толькі амбасада: у нас ёсць Польскі інстытут і падобных інстытутаў ад іншых краінаў у Менску вельмі нямнога. Польскі інстытут практычна штотыдзень праводзіць нейкае адно важнае мерапрыемства і мы не збіраемся скарачаць ані бюджэту, ані маштабу праектаў у гэтым плане. А працэс паляпшэння адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю дае надзею, што ўзровень актыўнасці дачыненняў у культурнай сферы будзе з часам нават і павялічаны.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск