Аналітык: Лукашэнка хоча даказаць народу, што ён не спужаўся



У Менску праходзіць Усебеларускі народны сход. У ім прымаюць удзел дзьве з паловай тысячы чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Сход пяты па ліку, і гэтым разам праходзіць акурат падчас парламенцкай кампаніі. Каментуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:

– Трэба разумець псіхалогію, ментальнасць аднаго чалавека. Яму трэба даказаць усім – і наменклатуры, і грамадству, а магчыма і самому сабе, што ён не спужаўся. І другі момант. Гэтыя Усебеларускія народныя сходы адлюстроўваюць тую мадэль палітычнай сістэмы,  якая існуе ў Беларусі: ёсць два суб’екты палітыкі – правадыр, бацька нацыі і народ.

У выніку народнага сходу мусіць быць прынятая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 году. Эканаміст Леанід Заіка ацэньвае яе крытычна:

– Наступныя пяць гадоў дзесьці будзе прырост і ВУП, і прырост даходаў 2% у год. Возьмем 300 даляраў цяперашніх, два адсоткі ў год, заробак будзе 306 даляраў. Такім чынам, у адпаведнасці з гэтай парадыгмай, сабралася дзве тысячы чалавек, і яны вырашаюць, каб быў заробак у  2016 годзе 306 даляраў. Малайцы, хлопцы, выдатна!

Дадамо, што ў сваім дакладзе падчас Народнага сходу кіраўнік дзяржавы чарговы раз выступіў супраць радыкальных рэформаў, а ў пагаршэнні сацыяльна-эканамічнага становішча традыцыйна абвінаваціў зьнешнія чыннікі – у прыватнасьці, вайну санкцыяў паміж Еўразьвязам і Расеяй.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by