Лілія Ананіч прапануе здымаць серыялы пра «дасягненні» ўладаў



«Мы жывем у досыць канкурэнтным асяроддзі: спажыўцам даступныя тысячы і сотні перыядычных выданняў і тэлеканалаў: як беларускіх, так і замежных. Менавіта таму нашым медыя неабходна павялічваць колькасць нацыянальнага кантэнту», – адзначыла Лілія Ананіч.

Лілія Ананіч

Па словах Ананіч, беларускім тэлеканалам неабходна замахнуцца на сур’ёзныя праекты: гаворка ідзе пра стварэнне беларускіх серыялаў і тэлефільмаў, перадае БелТА.

«Варта надаць увагу слаўнай беларускай гісторыі, казаць пра сацыяльныя дасягненні дзяржавы, даносіць кожнаму думку, што толькі мы самі адказныя за сябе, сваю сям’ю і краіну», – падказала кірунак працы Ананіч.

Апошні гучны дзяржаўны праект у галіне кінематографа – фільм «Мы, браты» – завяршыўся поўным правалам: на пачатак 2016 года гэты палітызаваны фільм зарабіў у пракаце каля 40 тысяч даляраў пры ацэнцы яго бюджэту ў 5 мільёнаў даляраў.