Анатоль Лябедзька: Гэта адзіны мірны шлях да пераменаў



Вярнуць людзям права выбару. Удзельнікі праграмы “Паглыбленага Дыялогу”, у якую ўваходзяць 11 палітычных партый і рухаў, правялі сустрэчу па пытаннях унясення зменаў у дзеючае выбарчае заканадаўства. З’явіўся шанец змяніць заканадаўства такім чынам, каб вярнуць людзям права выбару і даць магчымасць выбіраць уладу, – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

– Я лічу, што гэта адзіны мірны шлях да пераменаў у Беларусі. Калі яго не выкарыстаць, то гэта азначае, што можа быць усё, што заўгодна. Тут могуць быць непрагназуемыя падзеі. Таму мы і канцэнтруем увагу на зменах. У нас тут кансенсус. Палітычныя парыі, правыя і левыя, сфармулявалі агульную пазіцыю. Сёння мы яшчэ раз сфармулявалі план дзеянняў. Задача мінімум – нам патрэбна актуалізаваць гэтую праблему.

Удзельнікі сустрэчы выпрацавалі канкрэтныя прапановы па зменах у выбарчае заканадаўства. Сярод такіх прапаноў – увядзенне змяшанай прапарцыйна-мажарытарнай сістэмы фармавання Палаты Прадстаўнікоў, змена прынцыпаў фармавання выбарчых камісій і празрыстасць падліку галасоў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя