Анатоль Лябедзька: Мы супраць адмены санкцый



Прадстаўнікі большасці дэмакратычных партый і арганізацый прынялі супольную заяву аб несвоечасовасці поўнай адмены Еўразвязам кропкавых абмежаванняў адносна прадстаўнікоў беларускага правячага рэжыму.

Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, пытанне аб кропкавых абмежаваннях зараз адно з найбольш актуальных у дачыненні да Беларусі.

– У Бруселі ідуць гарачыя дыскусіі. Краіны падзяліліся. Хтосьці лічыць, што трэба ісці насустрач беларускаму рэжыму, што трэба канчаткова здымаць гэтыя кропкавыя фінансавыя і візавыя абмежаванні. Мы выпрацавалі супольную пазіцыю. І калі гаварыць адным сказам: мы супраць. Мы лічым, што ў перспектыве гэта магчыма, але толькі тады, калі ў беларусаў будзе права пад час выбараў выбіраць і дэпутатаў, і прэзідэнта. Мы ўвязваем канчатковае вырашэнне гэтага пытання з тым, як пройдзе парламенцкая кампанія.

Калі выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ, то абмежаванні можна здымаць. Калі ўсё будзе як заўсёды, то мы кажам катэгарычнае „не”, – падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Сумесную заяву супраць магчымай адмены кропкавых абмежаванняў падпісалі кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За свабоду”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Аб’яднанай партыі левых „Справядлівы свет”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэту па стварэнню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) і іншых дэмакратычных палітычных арганізацый.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя