Анатоль Лябедзька: Рыхтуецца рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі



Слуханні па Беларусі, якія адбыліся ў Еўрапарламенце, паказалі, што еўрапейскія палітыкі без ілюзій глядзяць на сітуацыю ў нашай краіне. Так лічыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, адзін з кіраўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька. Некаторыя палітычныя эксперты прагназавалі, што еўрапейскія наглядальнікі за беларускімі выбарамі зробяць больш мяккія ацэнкі. Аднак гэтага не адбылося. Тым не менш, старонка яшчэ не перагорнута і зараз вырашаецца, якой будзе рэзалюцыя Еўрапарламента наконт парламенцкіх выбараў у Беларусі.

– Менавіта ад тэкстаў гэтай рэзалюцыі і будзе залежыць, якімі будуць выбудоўвацца адносіны з афіцыйным Менскам. Ад пачатку дыскусіі планавалася, што праз 10 дзён праект рэзалюцыі будзе абмеркаваны ў Страсбурзе. Гэта азначае, што калі ёсць кансэнсус па ацэнках, то будзе ўжо на наступным тыдні рэзалюцыя па Беларусі. Калі ўсё ж такі ёсць разбежка ў ацэнках паміж фракцыямі, то канчатковая кропка будзе пастаўлена праз месяц.

Падчас знаходжяння ў Брусэлі прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі сустрэліся з прэзідэнтам Еўрапейскай Народнай партыі Жозефам Долем,  яе Генеральным сакратаром Антоніо Лопесам. Па словах Анатоля Лябедзькі, гэта партыя мае самую вялікую фракцыю у парламенце. І ад яе пазіцыі моцна залежыць змест рэзалюцыі па Беларусі. „Мы дамовіліся, што таксама выкажам свае прапановы да гэтага праекту”, – сказаў Анатоль Лябедзька. Па яго словах, ацэнка парламенцкіх выбараў з боку праваэнтрысцкай кааліцыі вядомая: яны не былі справядлівымі і сумленным, не адпавядалі стандартам АБСЕ. Легітымнага парламенту ў Беларусі няма. Таму нельга легітымізаваць і адносіны Палаты прадстаўнікоў з Еўрапейскім парламентам і іншымі структурамі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя