Анатоль Лябедзька збіраў подпісы ў цэнтры Берасця



Некалькі соцен подпісаў за вылучэнне на пост прэзідэнту лідара Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзька толькі за адзін дзень паставілі ў цэнтры Берасця.

Тут ён сустрэўся з дзесяткамі прадпрымальнікаў і сотнямі жыхароў гораду. Грамадзяне мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца з патэнцыйным кандыдатам і задаць усе пытанні, што іх турбуюць.

Анатоль Лябедзька адзначыў, што ёсць пэўная падтрымка неабходнасці змены ўлады ў грамадстве, і з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў варта працягваць працу:

 – Я скажу, што я праехаў ужо дзясяткі рынкаў у розных гарадах і паўсюль недзе 80 адсоткаў гатовы паставіць подпісы пад нашым эканамічным пасланнем. Адносіны вельмі добрыя. Яшчэ раз пераканаўся, што ў нас і прадпрымальнікаў аднолькавая ацэнка сітуацыі, план дзеянняў таксама супольны.  

1 жніўня патэнцыйны кандыдат на пост беларускага прэзідэнту Анатоль Лябедзька прыме ўдзел у святкаваннях Дня горада Берасця, а таксама наведае шэраг гарадоў берасцейскай вобласці.

 Беларускае Радыё Рацыя, Берасце