Анатоль Ляўковіч: Нам трэба кансалідаваць грамадства



Экс-старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, лідар аргкамітэту “Сацыял-дэмакраты – за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч адмовіўся ад прэзідэнцкіх амбіцый, але мае намер прыняць актыўны ўдзел у палітычнай кампаніі. Ён разам са сваімі паплечнікамі збіраецца працаваць на карысць таго кандыдата, які дасць пасыл чатырох „К”: кансалідацыя, кампраміс, кансэнсус і канструктывізм. „Беларусы павінны пабачыць адэкватную альтэрнатыву, а не проста лозунгі і нейкія асабістыя прынцыпы”, – кажа Анатоль Ляўковіч:

– Нам трэба рабіць высновы і ўрокі. І мы, напрыклад, паколькі я ўзначальваю аргкамітэт “Сацыял-дэмакраты – за дыялог і кансалідацыю”, мы прапаноўваем сёння нашаму грамадству, у тым ліку і ўладзе, новую стратэгію – стратэгію за дыялог і кансалідацыю. Патрэбны кампраміс, патрэбная кансалідацыя, кансэнсус і трэба рухацца наперад – трэба кансалідаваць грамадства.

Да апошняга моманту Ляўковіч казаў, што будзе змагацца за прэзідэнцкае крэсла, але перад стартам палітычнай кампаніі адмовіўся ад удзелу. Але ён перакананы, што ягоныя тэзісы і платформа спатрэбяцца камусьці з кандыдатаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя