Анатоль Ляўковіч: Ніхто да ўлады нават не падпусціць



Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага асветніцкага аб’яднання „Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч распавядае пра сваё стаўленне да сёлетніх парламенцкіх выбараў.

1EB27D3F-AB05-4685-9048-ACD8C9B8338E_mw800_s

РР: Апазіцыя патрабуе ад уладаў зменаў у Выбарчым кодэксе да гэтых парламенцкіх выбараў. Ці пойдуць улады на такі крок?

Анатоль Ляўковіч: Натуральна, ніхто не будзе нешта сур’ёзна змяняць. Калі нейкія абяцанні і гучаць, то гэта – гульня і балбатня, але не больш за тое. Разумееце, калі б было жаданне змяніць Выбарчае заканадаўства, то нават закон чапляць не трэба. Дастакова змяніць правапрымяняльную практыку. Можна напісаць прыгожыя законы, але не выконваць іх на практыцы. І які тады сэнс у такой прыгажосці? Пры Сталіне таксама была дастаткова дэмакратычная Канстытуцыя, але ж у краіне ўсталявалася дыктатура.

РР: Ваша стаўленне да гэтай парламенцкай кампаніі?

Анатоль Ляўковіч: Я разам з рознымі камандамі ўдзельнічаў практычна ва ўсіх выбарчых кампаніях, так што ў гэтай справе, можна сказаць, як мамант. І хачу сказаць, што гэтыя выбары дэпутатаў нічым не будуць адрознівацца ад папярэдніх. Хоць сёння і я задаюся пытаннем: “А ці варта ўдзельнічаць у гэтай кампаніі?” Не магу пакуль знайсці адказ.

РР: Можа быць, на хвалі паляпшэння стасункаў улады і Еўразвязу варта было б паспрабаваць патрапіць у парламент?

Анатоль Ляўковіч: Ніхто ўладу не аддасць і проста так да яе нават не падпусціць. Гэтага патрэбна дабівацца. Адзін з метадаў – прымаць удзел ва ўсіх выбарчых кампаніях, каб заяўляць пра сябе. Спрабаваў я весці і дыялог з уладамі, каб людзей з дэмакратычнымі поглядамі пусцілі да палітычнага працэсу – у выканаўчыя органы і гэдак далей. Але на сёняшні дзень мой досвед – нулявы. Улада не ідзе такім шляхам. Яна ў сваёй большасці стаіць на сваёй пазіцыі: “Нікога не пушчаць”. Таму не веру я, што і зараз нехта з апазіцыі патрапіць у парламент – у гэтую праўладную закрытую карпарацыю. А гэта менавіта так, калі няма празрыстых выбараў. І ў бліжэйшы час іх не будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org