Анатоля Лябедзьку аштрафавалі за абарону Курапат (абноўлена)



Анатоля Лябедзьку суд прызнаў вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася 24 лютага ў Курапатах, і аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1050 рублёў).

У судзе Цэнтральнага раёна Менска 5 красавіка пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.

Палітык меркаваў, што яго будуць судзіць за акцыю супраць дэкрэта „аб дармаедах”, якая адбылася 19 лютага ў Магілёве. Аднак суддзя Вікторыя Шабуня паведаміла, што разглядацца будзе справа, якая тычыцца падзеяў у Курапатах 24 лютага.

Лябедзька звярнуўся з хадайніцтвам аб адводзе суддзі. Паводле слоў палітыка, у Беларусі „няма сапраўднага падзелу ўладаў і, адпаведна, сапраўднай судовай сістэмы”. „Хоць шыльды з назвай судоў вісяць на будынках, незалежных судоў у краіне няма. Суддзі ў Беларусі — гэта чыноўнікі, якія дзейнічаюць, кіруючыся тэлефонным правам”, — сказаў ён.

Суддзя ў задавальненні хадайніцтва адмовіла.

У сярэдзіне лютага на пляцоўцы на скрыжаванні вуліцы Мірашнічэнкі і МКАД каля ўрочышча Курапаты было пачатае будаўніцтва пяціпавярховага бізнес-цэнтра. Прадстаўнікі грамадскасці і мясцовыя жыхары выступілі супраць будаўніцтва, палічыўшы яго незаконным. На працягу пятнаццаці дзён, пачынаючы з 20 лютага, актывісты моладзевай арганізацыі „Малады фронт” (не зарэгістраваная ў Беларусі) і неабыякавыя беларусы, якія далучыліся да іх, кругласутачна дзяжурылі каля будпляцоўкі, не даючы будаваць спрэчны аб’ект.

24 лютага ў Курапатах актывіст „Маладога фронту” Сяргей Пальчэўскі прыкаваў сябе наручнікамі да „МАЗа” і лёг пад машыну будаўнікоў.

У пачатку сакавіка кіраўніцтва кампаніі „Белрэканструкцыя” абвясціла пра сваё рашэнне спыніць будаўніцтва бізнес-цэнтра. 3 сакавіка ў лагеры абаронцаў Курапат прайшоў мітынг, удзельнікі якога прынялі зварот да ўладаў з патрабаваннем забараніць любое будаўніцтва паблізу Курапат і аднавіць ахоўныя зоны ўрочышча, зацверджаныя ў 2003 годзе.

БелаПАН