Андрэй Саннікаў: «Трэба рыхтавацца да новай сітуацыі ў Беларусі»



10 сакавіка ў Варшаўскім універсітэце адбыліся дэбаты паміж Паўлам Ковалем і Андрэем Саннікавым. Былыя дыпламаты разважалі над польска-беларускімі адносінамі, а таксама над  пратэстамі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі.

Былы віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Павел Коваль, каментуючы небяспеку патэнцыйнага расейскага ўмяшальніцтва заявіў, што кожны дыктатар спрабуе шантажаваць свой народ падобнымі рэчамі:

— У першую чаргу дыктатар пільнуе ўласныя інатрэсы і гэта характэрна для ўсіх аўтарытарных і таталітарных кіраўнікоў. Таму Лукашэнка сёння будзе выкарыстоўваць той аргумент, што ён вымушаны так паступаць, бо інакш увойдуць расейцы, а такім чынам ён бароніць Беларусь. ЦІ мы не чулі такога ж аргументу ад Ярузэльскага? Гэта нязменны аргумент у нашай частцы Еўропы.

У сваю чаргу былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў  заклікаў еўрапейцаў падтрымаць беларускі народ у яго змаганні, і зазначыў, што Расея будзе ўмешвацца менавіта тады, калі Захад нічога не будзе рабіць, і акурат цяпер Польшча здольная дапамагчы Беларусі:

— Прапанаваць Бруселю тэрмінова рыхтавацца да іншай сітуацыі ў Беларусі. Не страціць яшчэ адной відавочнай магчымасці, якую цяпер стварае беларускі народ. Польшча можа цяпер дапамагчы нам стаць незалежнай дэмакратычнай краінай, бо менавіта Польшчы з’яўляецца экспертам па Беларусі ў Еўропе і ад таго, што Польшча будзе прапаноўваць, шмат што залежыць.  

Толькі свабодныя выбары пад наглядам міжнароднай супольнасці могуць стаць аптымальным і легітымным вырашэннем сітуацыі ў Беларусі, зазначаў Андрэй Саннікаў падчас дэбатаў у пятніцу. Еўрапейскія чыноўнікі, якія цяпер маюць шчыльныя кантакты з беларускімі ўрадоўцамі, могуць паспрыяць наладжванню перамоваў паміж прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі, дадаў палітык.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота Koło Młodych Dyplomatów UW