Апазіцыйны палітык каментуе жорсткія заявы Лукашэнкі



«Крытычныя заявы на адрас расейскіх уладаў выглядаюць фасаднымі». Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец. Палітык мяркуе, што  на фоне пацяплення адносінаў з Захадам, Лукашэнка намагаецца чарговы раз рэзкімі выказваннямі выгандляваць у Крамля фінансавыя палёгкі. “Верагодна, што праз чарговае абвастрэнне адносінаў Лукашэнка і Пуцін зноў дамовяцца,” – гаворыць палітык Алесь Лагвінец:

– У гэтым гандлі Лукашэнка падымае стаўкі. Праект Еўразійскага звязу – гэта асабісты праект Пуціна, ён вельмі важны для Крамля, але ўсё адно – у Крамля сітуацыя не самая лепшая. І яму патрэбныя саюзнікі. Хутчэй за ўсё, адбудзецца нейкая дамоўленасць, але яна не выключае таго, што Лукашэнка будзе далей спрабаваць гуляцца з Захадам.

“Відавочна, што Менск шукае грошы і на Усходзе, і на Захадзе, якіх бракуе ў бюджэце,” – дадаў палітык Алесь Лагвінец. Днямі кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць абмежаваннем паставак нафты і газу ў Беларусь. Лукашэнка ўпершыню назваў палітыку Крамля ў дачыненні да Беларусі – палітычным ды экаманічным шантажом.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя