Апазіцыя будзе патрабаваць спынення выбарчай кампаніі



Прадстаўнікі беларускай апазіцыі будуць дамагацца дэлегітымізацыі цяперашняй выбарчай кампаніі, непрызнання яе Захадам і правядзення новых выбараў прэзідэнта.

^0F0C3DD0DFF6CDE6FF863957ED6EFB49BD6A0F049C44C3B711^pimgpsh_fullsize_distr

Пра гэта было заяўлена ў Менску на сумеснай прэс-канферэнцыі чатырох лідараў дэмсіл.

Удзел у прэс-канферэнцыі ўзялі экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які вызваліўся 22 жніўня з магілёўскай турмы, лідар стваранага руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзімір Някляеў, які таксама быў кандыдатам у прэзідэнты на мінулых выбарах, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Паводле слоў Мікалая Статкевіча, тое, што адбываецца на палітычным полі Беларусі, усе яны ацэньваюць „як сфальсіфікаваныя выбары”. Прычым зроблена гэта „не ў бюлетэнях, выніковых пратаколах”, а ў „спісах кандыдатаў”, адзначыў палітык:

– Найперш мы ацэньваем тое, што зараз адбываецца, як ужо сфальсіфікаваныя выбары. Фальсіфікацыя адбылася не ў бюлетэнях, не ў выніковых пратаколах, як раней – яны сфальсіфікавалі выбарчы бюлетэнь. Трэба, каб гэты, гэты, гэты прайшоў – галоўнае, каб пасля выбараў яны сказалі: “Лукашэнка перамог”. Мы не верым у гэты патрыятычны прыступ Лукашэнкі, бо мы памятаем іншага Лукашэнку 90-х гадоў, які быў гатовы здаць нас шасцю абласцямі ў замен на галоўную пасаду ў Крамлі.

„Мы пачнем грамадскую кампанію, каб данесці да людзей, што выбары ўжо сфальсіфікаваныя, — сказаў ён. — Мы будзем праводзіць грамадскую кампанію, каб давесці беларусам нашу пазіцыю. Будзем патрабаваць нармальных дэмакратычных выбараў. Вядома, гэта наша апошняя задача, магчыма, яна расцягнецца на гады”.

Паводле слоў Статкевіча, найлепшая маральная пазіцыя для грамадзян у гэтай сітуацыі — „поўнасцю ігнараваць гэтае шоу”. „Нават байкот — гэта занадта гучнае слова для таго, што адбываецца. Байкатаваць можна толькі справядлівыя выбары”, — дадаў ён.

У новых дэмакратычных выбарах Статкевіч мае намер удзельнічаць, нягледзячы на забарону з-за непагашанай судзімасці. „У свабодных выбарах не могуць удзельнічаць злачынцы, але я не злачынец. Сапраўдны злачынец усім вядомы. Вось ён не мае права ўдзельнічаць, ён неаднаразова парушаў Канстытуцыю”, — падкрэсліў былы палітзняволены.

Ён спадзяецца, што лідары дэмсіл змогуць сфарміраваць новую кааліцыю. „Спадзяюся, мы выйдзем на сумесную кааліцыю. У яе ўвойдуць тыя, хто сядзіць за гэтым сталом, прадстаўнікі дэмакратычных сіл”, — сказаў Статкевіч.

На пытанне, ці ёсць месца ў кааліцыі для лідара Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргея Калякіна, Статкевіч адказаў: „Камуністаў назваць дэмакратамі ў мяне язык не паварочваецца”.

Што да Партыі БНФ, то, як лічыць Статкевіч, яна наўрад ці ўвойдзе ў новы альянс, бо падтрымлівае ўдзел у цяперашніх выбарах актывісткі кампаніі „Гавары праўду” Таццяны Караткевіч. „Яна цудоўная жанчына, але за ёй стаіць чалавек, які раней публічна абняславіўся і зноў ходзіць у белым”, — сказаў Статкевіч пра Караткевіч.

Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу заявіў: у апазіцыі досыць доказаў таго, што цяперашняя выбарчая кампанія не адпавядае стандартам АБСЕ, таму яна мае намер дамагацца непрызнання выбараў Захадам.

Так, паводле слоў Лябедзькі, подпісы за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты на прадпрыемствах збіраліся прымусова, а „на тэлебачанні мы 24 гадзіны на суткі бачым адзін твар”. Гэта парушае стандарты АБСЕ па роўным доступе да ўсіх СМІ ўсіх кандыдатаў, заўважыў палітык.

„Мы таксама пойдзем да людзей, да грамадзян і будзем казаць пра тое, што адбываецца і якая ёсць альтэрнатыва. Паглядзім, як будзе далей, ці дадуць нам улады пайсці да грамадзян. Гэта таксама крытэрый свабоды выбараў”, — заявіў Лябедзька.

Мікалай Статкевіч, каментуючы магчымую рэакцыю Захаду, дадаў: „Нават калі Захад прызнае , мы будзем падтрымліваць барацьбу. Нават калі табе здраджваюць, ніколі не здраджвай сабе”.

Павел Севярынец на пытанне, што будзе рабіць апазіцыя, калі Захад прызнае цяперашнія выбары, адказаў: „У Еўропе не ўсе прагматыкі і вялікія геапалітыкі. Людзі, якія спрабуюць заляцацца з рэжымам, мяркуючы адарваць яго трохі ад Масквы, памыляюцца. Захад не павінен здаць незалежнасць Беларусі”.

^993D2AAABF8C353A3DE210D5276EBB87DE580FD0B06F3CAE0F^pimgpsh_fullsize_distr

Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька ды Павал Севярынец збіраюцца бліжэйшым часам сумесна арганізаваць ды правесці шэраг вулічных акцый ды пікетаў супраць легітымізацыі, у тым ліку, міжнароднай, прэзідэнцкіх выбараў. А таксама надалей прапагандаваць сваю пазіцыю ўсеагульнага байкатавання.

Тактыку публічных пратэстаў былога палітвязня ацэньвае палітолаг Валер Карбалевіч:

– Канешне, можна аб’яўляць пра любую тактыку, можна аб’яўляць вайну, на якую можа ніхто не прыйсці. Таму тое, што зараз кажа Статкевіч, я б спакойна ўспрымаў. Ён яшчэ толькі разбіраецца ў сітуацыі. Да таго ж ён не кандыдат у прэзідэнты, яму не трэба разлічваць на нейкую электаральную падтрымку. Яму не патрэбны ні галасы, ні подпісы. У яго няма партыі. Таму рэйтынг партыі яго таксама не цікавіць. Ён палітык-адзіночка.

Разам з тым Валер Карбалевіч не выключае, што Мікалай Статкевіч можа стаць новым адзіным лідарам апазіцыі. Але толькі ў тым выпадку, калі палітык прапануе ўцямную стратэгію і пераканае апазіцыйных актывістаў.

2808_hdz_press_statniakl_01-os1rz

БелаПАН, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by