Апытанка: „За што сядзіць Мікалай Статкевіч?”



Ужо пяты раз запар дзень нараджэння Мікалай Статкевіч адзначае за кратамі. 12 жніўня экс-кандыдату ў прэзідэнты на выбарах 2010 года споўнілася 59 гадоў.

Карэспандэнты БелаПАН запыталі ў прахожых на менскіх вуліцах: „За што сядзіць Мікалай Статкевіч?”

Я лічу, што ён сядзіць за ідэю.

– За тое, што яму інкрымінавалі палітычную справу. Пацярпеў за свае перакананні. Чалавек варты павагі.

– Я думаю, што па «недомыслию».

– Я думаю, што проста так не сядзяць.

– Напэўна, ні за што.

– За тое, што ён гаварыў слова «нет», а трэба было гаварыць слова «так».

– Ні за што. За праўду.

– А хто яго ведае? Магчыма там яму і месца.

– Ні за што. За тое, што пры дэбатах выдатна ахарактэрызаваў нашага пана спарстмена.

Мікалай Статкевіч ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). У траўні 2005 года палітык быў прыгавораны да 3-х гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 года ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пакаранне Статкевіч адбываў у Баранавічах і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. У траўні 2011-га суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў Статкевіча да 6-ці гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года.

Палітзняволенаму неаднаразова прапаноўвалі напісаць просьбу аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак асуджаны палітык катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.