Арганізатар канферэнцыі ў Варшаве: “Дзермант быў запрошаны выпадкова”



У Варшаве адбылася скандальная канферэнцыя пра польска-беларускія адносіны, на якую былі запрошаны прапагандысты БТ. На працягу некалькіх гадзінаў дыскутанты пераконвалі, што Беларусь – гэта найлепшае месца для замежных інвестыцыяў, а людзей у Беларусі ніхто не пераследуе.

Мадэратарам дыскусіі быў прафесар Мікола Іваноў, які рэзка адмежаваўся ад выказванняў гасцей з Беларусі:

– Мне не падабаецца тое, што казаў спадар Дзермант. Сітуацыю на Беларусі прадставіў скажоную. Гэта погляд афіцыйных уладаў. Але арганізатары канферэнцыі сказалі, што трэба паслухаць іншы бок.

– Можа гэта быў зашыбкі давер. Павінен быў тут быць і спадар Мілінкевіч. Але ён адмовіўся, калі даведаўся, хто яшчэ запрошаны на канферэнцыю з Беларусі, – дадаў Корнэль Маравецкі – герой польскай “Салідарнасці”, пад патранатам якога адбылася канферэнцыя.

У сваю чаргу непасрэдны арганізатар мерапрыемствам Рамуальд Стараселец зазначыў, што госці на канферэнцыю былі запрошаны “выпадкова”. Арганізатар таксама выказаў жаль у сувязі з тым, што мерапрыемства не адбылося ў Сэйме, як было запланавана на пачатак:

– Нам не было гэта нечаканасцю, але ніхто нам не паведаміў прычын той адмовы… Запрашэнне адбылося выпадковым. Я не маю сталых кантактаў з беларускімі палітыкамі. Па-просту, госці запрашаліся з дапамогай розных асяродкаў, якія паведамлялі, што маюць кантакты з пэўнымі палітыкамі і навукоўцамі, і такім чынам праз іх адбылося запрашэнне.

Варта адзначыць, што ўся канферэнцыя мела выразна антызаходні характар,  а набор дыскутантаў з польскага боку таксама выклікае вялікае здзіўленне. У прыватнасці былы дэпутат Анджэй Запалоўскі, які быў адным з дыскутантаў, заявіў, што палякі не могуць дапамагаць беларусам змагацца за дэмакратыю, так як сама Польшча з’яўляецца недэмакратычнай краінай, пра што сведчыць арышт людзей, падазраваных у шпіянажы на карысць Расеі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара