Астравецкая і Ігналінская АЭС: праблемы паміж Беларуссю і Літвой



Беларусь накіруе Літве пытанні пра магчымыя праблемы пры закрыцці Ігналінскай АЭС. Пра гэта падчас размовы з журналістамі ў Менску наконт літоўскіх прэтэнзій да Астравецкай  АЭС заявіў прадстаўнік беларускага Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Маркаў.

– Вакол Рэспублікі Беларусь некалькі АЭС, у тым ліку некалькі з іх выводзяцца з эксплуатацыі. У апошні час у СМІ , у тым ліку і ў Літве, пачала з’яўляцца інфармацыя, што ёсць нейкія праблемныя пытанні з вывадам з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС. У гэтай сувязі я хацеў бы праанансаваць, што ў бліжэйшы  час літоўскі бок атрымае пэўныя пытанні па вываду з эксплуатацыі станцыі. Мы будзем чакаць адказаў.

У той жа час, паводле Маркава, рыхтуецца сустрэча беларускіх і літоўскіх экспертаў па праблемных пытаннях будаўніцтва Беларускай АЭС.

– Размова ідзе пра абмеркаванне праекта дамовы Рэспублікі Беларусь і Літвы па Канвенцыі Эспа. Мы не выключаем, што будуць узнятыя пытанні, якія не былі абмеркаваныя. Зараз яны ў працэсе распрацоўкі. Застаецца мала часу, і ў нас застаўся нязначны блок неабмеркаваных пытанняў.  

Абмеркаванне адбудзецца ў перыяд паміж 27-м і 30-м кастрычніка. Магчыма, пасля гэтага будуць праведзеныя перамовы Беларусі і Літвы па навукова-тэхнічных пытаннях стварэння АЭС у Астраўцы. Пакуль жа Літва не пагаджаецца на суседства з першай атамнай станцыяй ў Беларусі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота seogan.ru