«Астравецкая праўда» адмовілася публікаваць праграму Мікалая Уласевіча



Газета «Астравецкая праўда» адмовілася публікаваць перадвыбарную праграму кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Уласевіча, які балатуецца па Смаргонскай акрузе № 59 (Гарадзенская вобласць).

Як паведамляе прэтэндэнт у дэпутаты на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», у рэдакцыі газеты палічылі, што яго перадвыбарная праграма не адпавядае патрабаванням, выкладзеным у ч. 1 арт. 47 і ч. 1 арт. 75 Выбарчага кодэкса. Гэтыя артыкулы усталёўваюць, што перадвыбарная праграма не павінна ўтрымліваць «прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія падахвочваюць або якія маюць на мэце заахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты».

Тэкст перадвыбарнай праграмы Уласевіч апублікаваў у „Фэйсбуку”. У ёй ён называе сябе «перакананым праціўнікам будаўніцтва АЭС», які з моманту прыняцця рашэння пра яе будаўніцтва ў Беларусі «назваў гэтую задуму злачыннай». Згадваючы інцыдэнт з падзеннем корпуса рэактара, Уласевіч заклікае «неадкладна спыніць» будаўніцтва станцыі.

У сваёй праграме Уласевіч таксама кажа пра карупцыю, якая ў Беларусі «добра арганізаваная і кіруецца з аднаго цэнтра». Пры гэтым у якасці прыкладу ён прыводзіць інфармацыю пра другога кандыдата ў дэпутаты — старшыню Астравецкага райвыканкама Адама Кавалько, у дачыненні да якога нібыта маюцца «адмоўныя матэрыялы» праверкі праваахоўнікаў па раскрыцці эканамічных злачынстваў.

Уласевіч лічыць, што ён не парушаў нормаў Выбарчага кодэкса, які не прадугледжвае цэнзуры праграм кандыдатаў у дэпутаты. Адпаведны зварот з патрабаваннем апублікаваць яго праграму кандыдат накіраваў у Цэнтрвыбаркам.

БелаПАН