Барыс Кушнірук: У дачыненнях з Украінай Беларусь азіраецца на Маскву



Эканамічны эксперт украінскага аналітычнага цэнтра Барыс Кушнірук распавёў пра перспектывы беларуска-украінскага эканамічнага супрацоўніцтва.

 Барыс Кушнірук: У сёняшніх стасунках беларускай і ўкраінскай эканомік шмат падводных рыфаў. З аднаго боку ў апошнія гады Беларусь выступала своеасаблівым пасярэднікам у эканамічных дачыненнях суб’ектаў гаспадарання Расеі і Украіны. Не сакрэт, што, калі ўзнікалі некаторыя праблемы ў гандлі наўпрост паміж гэтымі суб’ектамі, то выкарыстоўваўся транзіт праз Беларусь. Тое самае і зараз адбываецца. Расейцы лятаюць у Кіеў праз Менск, а ўкраінцы ў Маскву – таксама праз беларускую сталіцу. Беларусь, натуральна, задавальняе такі статус. Ускладняюць эканамічныя стасункі Беларусі і Украіны тое, што Беларусь – малодшы партнёр Расеі – вельмі часта вымушана аглядвацца на ўсходняга суседа пры прыняцці нейкіх рашэнняў, якія б тычыліся ўзаемадзеяння з украінскімі партнёрамі. Беларускія ўлады баяцца, каб у іх у саміх з-за гэтага не з’явіліся дадатковыя складанасці. У першую чаргу – у выглядзе ўзброенай акупацыі з боку старэйшага партнёра. Гэта, натуральна, тэорыя, але пасля таго, што здарылася ва Украіне, усе разумеюць, што такое нельга выключаць. А ўвогуле, сёння ўкраінскі рынак для Беларусі не такі актыўны, як хацелася б. Вайна дадала крызісу. Адным словам, эканамічныя стасункі паміж дзвума краінамі не аднамерныя. Нельга сказаць, што тут усё добра альбо ўсё дрэнна. 

РР: Якія вам бачацца далейшыя перспектывы такога супрацоўніцтва?

Барыс Кушнірук: Для Беларусі яно будзе складвацца пад уплывам Расеі, а тая наўрад ці адмовіцца ў бліжэйшай будучыні ад сваёй тактыкі гібрыдных войнаў, што ў значнай ступені абмяжуе расейска-украінскі гандаль. А значыцца – і беларуска-украінскі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kvedomosti.com