Беларусь чакае выбачэнняў ад Украіны за разварот самалёта



У Беларусі па-ранейшаму чакаюць выбачэнняў ад Украіны за разварот беларускага самалёта. «Белавія» падлічвае суму кампенсацыі. “Украіна парушыла міжнароднае права, прымусіўшы з пагрозай баявой авіяцыі вярнуцца беларускі грамадзянскі самалёт пасля ўзлёту ў Кіеў”, – заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Уладзімір Косцін. Ён падкрэсліў, што беларускі экіпаж зрабіў абсалютна правільна, выканаўшы загад украінскага боку, бо перахоп самалёта баявымі знішчальнікамі мог прывесці да невядомых вынікаў. Ён дадаў, што выканаць манёўр было даволі складаным для лётчыкаў: адлегласць паміж Кіевам і Менскам невялікая, самалёт ужо рыхтаваўся да зніжэння для пасадкі ў беларускай сталіцы:

– Я лічу, калі адбылася памылка, то трэба было прынесці прабачэнне, а затым, відаць, па адпаведным каналам разбірацца. На жаль, на сённяшні дзень няма ніякай рэакцыі з боку Украіны. Вось якую ацэнку яны даюць гэтаму выпадку? Поўнае маўчанне. Што нам застаецца думаць? Павінна быць прабачэнне з боку Украіны. Я не ведаю, каго асабіста. Ці гэта кіраўніцтва авіяцыі. Ці нейкай іншай структуры. Я лічу гэта павінна адбыцца. Тады будзе іншая размова.  

Генеральны дырэктар кампаніі «Белавія» Анатоль Гусараў паведаміў, што акрамя прабачэнняў, беларускі бок чакае кампенсацыі за гэты інцыдэнт:

– Мы працуем з нашымі калегамі з Украіны для таго, каб вызначыцца па кампенсацыі выдаткаў. Разуменне і з іх боку, і з наша боку ёсць. Я думаю, што бліжэйшым часам гэтае пытанне будзе закрыта. Усё іншае, што чакае наш беларускі бок і мы разам з вамі, гэта прапісана ў заяве Міністэрства замежных спраў.

Пры гэтым Анатоль Гусараў дадаў, што ўкраінскі рынак вельмі перспектыўны для беларускай авіякампаніі, таму ён спадзяецца, што праблемнае пытанне будзе хутка знятае з парадку дня.

Служба бяспекі Украіны заяўляе, што дыспетчар самавольна дадаў словы пра баявую авіяцыю, калі передаваў загад беларускаму «Боінгу» вяртацца ў аэрапорт „Жуляны”.

МЗС Беларусі заявіла пратэст і накіравала Украіне ноту ў сувязі с інцыдэнтам. Грамадзянін Арменіі, з-за якога разварочвалі самалёт, вылецеў у Менск пасля дагляду ўкраінскімі праваахоўнікамі наступным рэйсам.

Беларускае Радыё Рацыя