Лукашэнка: Беларусь імкнецца ўмацоўваць сувязі з ісламскім светам (абноўлена)



Завяршыўся працоўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю. Самалёт кіраўніка беларускай дзяржавы прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Менск, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У Стамбуле Лукашэнка прыняў удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.

У час саміту Аляксандр Лукашэнка таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч і перамоваў з лідарамі замежных краін, у тым ліку Катара, Інданезіі, Афганістана, Пакістана, Казахстана. На гэтых сустрэчах абмяркоўваліся перспектывы актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, павелічэнне аб’ёмаў інвестыцый, стварэнне сумесных прадпрыемстваў.

У цэнтры ўвагі былі пытанні міжнароднага парадку дня, пошук шляхоў сумеснага пераадолення цяжкасцяў ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу.

* * *

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі ў Стамбуле на саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.

000019_769170_big

«Імкненне ўмацоўваць сувязі з ісламскім светам — гэта абсалютна свядомы выбар, якога Беларусь стала прытрымліваецца, — заявіў Лукашэнка, паведамляе belta.by.

Ён запэўніў, што ў асобе Беларусі мусульманскія дзяржавы заўсёды знойдуць надзейнага і прадказальнага партнёра.

Паводле кіраўніка Беларусі, ніводная дзяржава ў розных частках свету не можа адчуваць сябе ў бяспецы перад пагрозай тэрарызму.

Лукашэнка адзначыў, што менавіта цяпер варта было б абʼяднаць намаганні ў барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі стагоддзямі выдатна ўжываюцца прадстаўнікі розных рэлігій, і ў кожнага з іх свая дарога да храму.

Leaders and representatives of the Organisation of Islamic Cooperation (OIC) member states pose for a group photo during the Istanbul Summit in Istanbul, Turkey April 14, 2016. REUTERS/Murad Sezer - RTX29WCO

Фота БелТА і Reuters

* * *

Аляксандр Лукашэнка вечарам 13 красавіка падчас сустрэчы  ў Стамбуле з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам прапанаваў актуалізаваць парадак дня беларуска-турэцкага супрацоўніцтва, ажыццявіўшы перазагрузку па шэрагу канкрэтных напрамкаў з акцэнтам на гандлі і эканоміцы.

„Надышоў момант актывізаваць супрацоўніцтва, актуалізаваць парадак дня, адкарэктаваць дарожную карту адносінаў”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. Ён падкрэсліў, што Беларусь адкрытая да супрацоўніцтва з Турцыяй.

Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што тэмы, якія абмяркоўваліся на цяперашняй сустрэчы, атрымаюць далейшае практычнае развіццё ў час пасяджэння міжурадавай беларуска-турэцкай камісіі, што мае адбыцца ў маі. Гаворка ішла пра перспектывы павелічэння турэцкіх інвестыцый у Беларусь, больш актыўным узаемадзеянні ў сферы турызму, у тым ліку шляхам павелічэння інтэнсіўнасці авіязносін паміж краінамі.

Лукашэнка падзякаваў Рэджэпу Таіпу Эрдагану за запрашэнне ўзяць удзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, падкрэсліўшы важнасць для беларускага боку прысутнасці на такім маштабным форуме. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, пляцоўка саміта таксама будзе спрыяць усталяванню новых кантактаў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з шэрагам краін.

У сваю чаргу Рэджэп Таіп Эрдаган зазначыў, што падобныя сустрэчы на вышэйшым і высокім узроўнях робяць вялікі ўнёсак у развіццё двухбаковых адносін. Ён падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца востравам стабільнасці ў рэгіёне.

Прэзідэнт Турцыі пацвердзіў гатоўнасць наведаць Беларусь з візітам, парадак дня якога ў тым ліку будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні міжурадкамісіі. Кіраўнікі дзяржаў таксама падрабязна абмеркавалі міжнародны парадак дня.

Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Турцыю днём 13 красавіка з рабочым візітам. Чакаецца, што 14 красавіка кіраўнік беларускай дзяржавы возьме ўдзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, дзе выступіць з прамовай.

belapan.by