Беларусь і ЗША абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў ваеннай сферы



Пытанні арганізацыі ўзаемадзеяння Беларусі і ЗША ў ваеннай сферы, а таксама наладжвання прамога дыялогу паміж ваеннымі ведамствамі дзвюх краін ва ўмовах нарастання напружанасці ва Усходнееўрапейскім рэгіёне абмеркавалі 20 верасня ў Нью-Ёрку міністр замежных спраў Уладзімір Макей і намеснік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпентэр, паведаміла прэс-служба МЗС.

Карпентэр наведаў з афіцыйным візітам Беларусь 28—30 сакавіка. У межах знаходжання адбылася яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

У Нью-Ёрку Макей ўдзельнічае ў 71-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Падчас наведвання пратакольных мерапрыемстваў ад імя кіраўніцтва ААН, ЗША і ЕС адбыўся шэраг рабочых кантактаў Макея з еўрапейскімі калегамі і прадстаўнікамі іншых краін. Дасягнутая дамоўленасць аб візіце ў Мінск міністра замежных спраў Анголы Жоржэ Рэбелу Чыкоты.

Макей таксама ўзяў удзел ва ўрачыстым адкрыцці агульнай дыскусіі Генасамблеі ААН „Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця: усеагульныя намаганні па пераўтварэнні нашага свету”.

БелаПАН