Беларусь перадала Польшчы невядомыя звесткі з архіваў



Уладзімір Макей закончыў свой афіцыйны візіт у Варшаву, дзе сустракаўся з польскімі ўладамі.

1d45a006-bd90-41b6-ac51-464d6e9bd27a-1

Адным з вынікаў перамоваў стала перадача Польшчы інфармацыі з архіваў адносна палякаў, якая дагэтуль была невядомай, паведаміў на брыфінгу міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі:

— Спадар міністр прывёз важныя звесткі, знойдзеныя ў беларускіх архівах і датычныя лёсу шматлікіх палякаў. Гэтая інфармацыя будзе перададзена ў адпаведныя ўстановы Польшчы, каб яны пачалі даследаванні. Магчыма, неўзабаве вы таксама атрымаеце інфармацыю адносна тых важных адкрыццяў, пра якія мы даведаліся.  

 У сваю чаргу Уладзімір Макей падзякаваў Польшчы за цёплы прыём і адзначыў, што цешыцца развіццём польска-беларускіх міждзяржаўных дачыненняў:

—  Па некаторых накірунках у нас захоўваюцца розныя пункты гледжання, але, што тычыцца двухбаковых адносін, дык тут у нас няма ніякіх праблем. Я ўпэўнены, што ў цяперашні час Беларусь і Польшча перажываюць гістарычны момант пераходу ў новую фазу двухбаковых адносін, дзе больш не будзе месца недаверу, канфрантацыі, інтрыгам, састарэлым стэрэатыпам і нейкім ідэалагічным забабонам.

Таксама падчас брыфінгу быў анансаваны візіт у Менск віцэ-прэм′ера Польшчы Матэвуша Маравецкага, які мае адбыцца праз два тыдні.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава