Беларусь рыхтуецца да гібрыднай вайны



Беларусь павялічвае патэнцыял стратэгічнага стрымлівання, але паслабляе ваенна-паветраныя сілы. На старонках выдання BelarusDigest Сяргей Богдан, асацыяваны аналітык цэнтра Астрагорскага аналізуе новыя закупкі беларускіх узброеных сілаў і апошнія дзеянні беларусаў у кірунку ўласнай абароны.

РР: Спадар Сяргей, на што накіраваныя гэтыя закупкі накіраваныя паводле Вас? Пра што яны сведчаць?

— Безумоўна, гэтыя закупкі накіраваныя на тое, каб дапасаваць беларускае войска да тых выклікаў і імаверных сцэнарыяў, якія, на думку кіраўніцтва Беларусі, могуць паўстаць перад Беларуссю. Гэта азначае, што Менск паважна ўспрымае верагоднасць таго, што могуць паўстаць нейкія праблемы ў галіне нацыянальнай бяспекі. З улікам гэтага перарабляецца структура, пераглядаюцца патрэбы. Тут варта адзначыць, што, безумоўна, калі паглядзець на рыторыку афіцыйных асобаў, на фактычныя закупкі або распрацоўкі, якія вядуцца, або нейкія іншыя захады ў плане аснашчэння беларускага войска, дык тут можна сказаць адно: Беларусь безумоўна не збіраецца і не лічыць імаверным вялікага вайсковага канфлікту, але цалкам дапускае, што можа здарыцца нейкі канфлікт накшталт таго, што пачаўся 2 гады таму назад ва Усходняй Украіне. Там была спачатку спроба дэстабілізацыі пры дапамозе нейкіх дыверсійна-паўстанцкіх груп, якая перарастае ў нейкую такую паўстанцкую дзейнасць, а пасля ўсё гэта заканачваецца паўнавартасным узброеным канфліктам з выкарыстаннем усіх відаў узбраення. Вось гэты сцэнар лічыцца імаверным і супраць яго робяцца захады, у тым ліку закупаецца адпаведнае ўзбраенне, рыхтуюцца адпаведныя войскі, пераглядаецца структура, робяцца адпаведныя замовы ў плане распрацовак.

РР: Ці ў гэты шэраг укладаецца з’яўленне першага аддзелу тэрытарыяльнай самаабароны, якія паўстаў бадай што на мінулым тыдні ў Горках?

Безумоўна, гэта дасканала ўкладаецца ў гэтую мадэль. Адна з праблемаў, якая, відаць, дастаткова ясная таксама і для Генштаба Беларусі, гэта тое, якім чынам паўстаў канфлікт ва Усходняй Украіне. Напачатку ён, на самой справе, быў можна сказаць паліцэйскай праблемай, але таму што ў Кіева не было адпаведных актываў ён спачатку перарос у праблему партызанцка-паўстанцкай дзейнасці, а пасля — у яшчэ большую вайну. Чаму так адбывалася? Таму што ў Кіева не было з аднаго боку адпаведных сілаў спецпрызначэння, якія можна было выкарыстаць, а з іншага боку, на месцы фактычна не было мясцовых аддзелаў. То бок, ва Усходнюю Украіну давялося кідаць сілы, якія былі вонкавымі, і якія кепска ўспрыняла мясцовае насельніцтва. Умоўна кажучы, калі паглядзець на тое, што казаў Стралкоў-Гіркін, вядомы прарасейскі вайсковы дзеяч, дык ён якраз і скардзіўся на тое, што мясцовае насельніцтва не падтрымлівае і ім нецікавыя гэтыя прарасейскія рухі. Але ўсё пачало мяняцца, бо Кіеву давялося пакласціся на такія дастаткова сумнеўныя некаторыя вайсковы фармаванні. Тут я думаю, што беларускае кіраўніцтва таксама разумее, што для таго, каб спыніць сітуацыю падобную Гіркінскай, умоўна кажучы, трэба 2 рэчы: па-першае, мець ваенныя часткі спецпрызначэння або паветрана-дэсантныя войскі, плюс мець сілы на месцы, якія будуць дзейнічаць у той кропцы, дзе могуць з’явіцца нейкія экстрэмісты, і якія будуць успрымацца мясцовым насельніцтвам, як свае. Таму, тэрытарыяльная абарона — выдатны сродак для таго, каб не раздражняючы мясцовае насельніцтва весці барацьбу з такога кшталту дзеяннямі, як мы бачым ва Усходняй Украіне. .

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Фота: bobrlife.by