Беларуская партыя “Зялёныя” не прызнае вынікаў выбараў



Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе, які партыйцы распаўсюдзілі праз сродкі масавай інфармацыі. Таго, што выбары пройдуць з парушэннямі і непразрыста, варта было чакаць. Мэтай удзелу “зялёных” у гэтых выбарах не была прэтэнзія на праход у парламент, гаворыць старшыня БПЗ Анастасія Дарафеева:

– Мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да шматлікіх праблем, і ў першую чаргу – да праблемы будаўніцтва АЭС. Мы лічым, што гэты небяспечны і эканамічна невыгадны для Беларусі праект павінен быць спынены. Мы хацелі сказаць гэта найбольшай колькасці людзей, да якіх мы не маем доступу ў іншы час. Мы звяртаемся да выбаршчыкаў і міжнароднай супольнасці, просім усіх адрэагаваць на вынікі выбараў адпаведным чынам.

Усяго ў выбарах у Палату прадстаўнікоў ад Беларускай партыі “Зялёныя” удзельнічалі пяць кандыдатаў. Гэта дазволіла правесці шэраг пікетаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС у розных гарадах Беларусі, дзе балатаваліся “зялёныя” кандыдаты.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org