Беларуская апазіцыя на сустрэчах у польскім Сейме (абноўлена)



Пагроза легалiзацыi рэжыма Аляксандра Лукашэнкi з боку Еўразвяза, варыянты правядзення прэзiдэнцкай выбарчай кампанii, падтрымка з боку Польшчы беларускай грамадзянскай супольнасцi i незалежных медыя – гэта толькi некаторыя пытаннi, якiя разглядалiся на пасяджэннi Камiсii па замежных справах у польскiм Сейме.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька: Абмяркоўваем канкрэтныя пытанні ў звязку з Рыжскім самітам, бо мы хочам, каб там прысутнічала беларускае пытанне. Вельмі важна, каб былі розныя пляцоўкі, на якіх беларусы і розныя палітычныя партыі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, моладзевых арганізацый, праваабаронцы мелі магчымасць данесці сваю пазіцыю да сваіх міжнародных партнёраў. Зараз важна ў міжнароднай працы быць сістэмнымі. Трэба прызнаць, што адбыліся пэўныя падзеі. Раней, калі мы пераязджалі праз Буг, то кожны, каго сустракалі, быў сябар і брат беларускай дэмакратыі. Зараз узрасла канкурэнцыя з боку афіцыйных структур. І нам мала проста прыязджаць у Варшаву ці іншую еўрапейскую сталіцу. Трэба ведаць, чаго мы канкрэтна хочам ад міжнароднай супольнасці і як трэба вырашаць беларускую праблему.

Намеснік кіраўніка кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў: Мне падаецца, галоўны быў бы вынік – каб мы аднолькава разумелі сітуацыю ў Беларусі, пагрозы, якія існуюць, і тое, якіх крокаў мы чакаем сёння ад міжнароднай супольнасці, і веданне таго, на што мы можам разлічваць. Найперш – гэта павелічэнне падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Так, мы бачым сёння развіццё стасункаў з афіцыйнай уладй. Добра, няхай будзе. Але павінна быць паралельна моцная падтрымка грамадзянскай супольнасці, усіх беларусаў, якія сёння стаяць на агульнаеўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцях.

Старшыня камісіі па замежных справах Польскага Сейму Роберт Тышкевіч: Патрабуем такога фармату ўзаемных палітычных кансультацый паміж Польскім Парламентам  і беларускай апазіцыяй, каб польскія палітыкі з першых рук атрымлівалі інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі. Гэта вельмі важна, бо пасля ў Польскім Парламенце ў ходзе палітычнай дыскусіі па замежнай палітыцы будуць прымацца адпаведныя рашэнні. Я хачу прыцягнуць увагу да таго, што камісія па замежных справах можа стаць месцам добрых кансультацый, дыскусій і дэбатаў.

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў: Я бачу, што ідзе інтэнсіўная праца і па-за вачыма медыя паспрыяць умацаванню рэжыму Лукашэнкі. Польскія дэпутаты запыталіся, як мы ацэньваем візіты еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь. Я наўпрост сказаў, што з гэтага пачаўся новы ціск, і не толькі новы ціск, але і знішчэнне палітвязняў – гэта тычыцца Мікалая Статкевіча, гэта тычыцца Мікалая Дзядка, якому далі тэрмін, тычыцца Арцёма Пракапенкі, над якім здзекуюцца, Юрыя Рубцова ды астатніх двух. Гэтым разам наступствы для самой Еўропы будуць не столькі негатыўныя, колькі катастрафічныя. Таму што вайна Расеі і Украіны змяніла сітуацыю, і зараз у небяспецы сама Еўропа.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павал Севярынец: Сітуацыя цяжкая, ні адзінага кандыдата, ні адзінай стратэгіі няма. Частка апазіцыі пойдзе на “выбары”, хоць, напрыклад, я лічу, што нельга ўдзельнічаць у тым, чаго няма. Частка будзе выкарыстоўваць гэтую кампанію для таго, каб умацавацца і бараніць незалежнасць. Для хрысціянскіх дэмакратаў бліжэй варыянт, што трэба проста выкарыстаць палітызацыю, якая адбываецца падчас кампаніі, але не ўдзельнічаць “выбарах”, якіх няма. Бо ёсць пагроза легітымізыцыі рэжыму, ёсць пагроза таго, што апазіцыю выкарыстаюць. Гэта небяспека для ўсёй Беларусі. Трэба пашыраць рады прыхільнікаў, думаць пра абарону незалежнасці, таму што на парозе – вайна.

Былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў: Як казалі сёння, большасць апазіцыйных структур  не маюць рэгістрацыі. Яны як бы нелегельныя. Іх “трывае” рэжым, ласку робіць, што не арыштоўвае і ў турму ўсіх не садзіць. Наогул, для дэмакратычнага руху гэта вялікая праблема. Захаду трэба неяк вырашаць гэтае пытанне ў пакеце з тымі пытаннямі, якія вырашаюцца ў так званым дыялогу.

Галоўны рэдактар сайту “Хартыя’97” Наталля Радзіна: Польшча – адзіная краіна сёння, якая дапамагае беларускім незалежным медыя. Сёння Еўракамісія адмовіла і тэлеканалу Белстат і сайту “Хартыя” ў фінансаванні. Я ведаю, што вялікую справу ў гэтым згуляла і прадстаўніцтва Беларусі ў Еўрамкамісіі, якую ўзначальвае Майра Мора, якая сёння з’яўляецца па версіі Лукашэнкі – “адным з лепшых амбасадараў з еўрапейскіх краін”. Трэба размаўляць пра тое, што ў Еўразвязе мала таго, што зменшылася цікавасць да Беларусі, зменшылася падтрымка дэмакратычных сіл Беларусі. І ў сітуацыі, калі ідзе вайна Расеі супраць Украіны, гэта недапушчальна. Таму што Еўропа губляе Беларусь, таму што адзінымі хаўруснікамі Еўропы ў гэтай сітуацыі, гарантамі ў тым ліку бяспекі еўрапейскіх краін, могуць быць беларускія дэмакратычныя сілы.

На пасяджэнні прысутнічае наш карэспандэнт Антон Разумоўскі:

 У польскім Сейме сёння гучаць словы па-беларуску. Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Сяргей Калякін, Павел Севярынец – зубры беларускай апазіцыі запрошаныя ў Варшаву. І асноўныя тэмы сустрэчы – прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і прадстаўніцтва Беларусі ў саміце “Усходняга партнёрства” ў Рызе. Хто возьме на сябе адказнасць і складзе канкурэнцыю нязменнаму кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку? Дарэчы, адзін з магчымых кандыдатаў Таццяна Караткевіч ад кампаніі “Гавары праўду!” на сустрэчы з польскімі палітыкамі не прысутнічае. Незапрошаная ці проста адмовілася – гэта паспрабуем высветліць у арганізатараў перамоў.

Уладзімір Някляеў запрошаны як кіраўнік “Гавары праўду!”, хоць сам палітык зусім нядаўна яе пакінуў.

На дадзены момант ідзе абмен думкамі па сітуацыі ў Беларусі паміж польскімі і беларускімі палітыкамі.

Напярэдадні паседжання Анатоль Лябедзька паведаміў, што будзе размаўляць пра пагрозу з Усходу, а таксама пра падтрымку з боку Варшавы і салідарнасць да беларускай апазіцыі. У той час Павел Севярынец адзначыў, што немагчыма абраць адзінага кандыдата, і гэта віна самой апазіцыі і нікога больш.

Сустрэча адкрытая для журналістаў, але весці запіс перамоў арганізатары забаранілі, патлумачыўшы гэта асаблівай тэматыкай перамоў з беларускай апазіцыяй. Хоць сакрэтаў тут ніякіх няма. Вядома, што польскі бок цікавіць, на каго сёння рабіць стаўку ў такіх загадзя пройгрышных скачках, як прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі.

11141247_10204014089728287_2994750426957136435_n

11149257_10204014091208324_3854485974186924457_n

Беларускае Радыё Рацыя, Варшава