Беларускія „дэпутаты” адмовіліся галасаваць за рэзалюцыю аб акупацыі Крыма



На чарговай сесіі ў Тбілісі Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла дэкларацыю, якая ўтрымлівае рэзалюцыю па анэксаванаму Расеяй Крыму. У дэкларацыі асуджаецца акупацыя Расеяй ў 2014 годзе ўкраінскай Аўтаномнай Рэспублікі Крым і парушэнні правоў чалавека на акупаванай тэрыторыі.

Беларусь не галасавала па „Тбіліскай дэкларацыі”, паведаміла сябра дэлегацыі „нацыянальнага сходу” „дэпутат” „палаты прадстаўнікоў” Валянціна Леаненка. З яе слоў, „беларускія дэпутаты папярэдзілі, што не будуць галасаваць па спрэчных пытаннях, што тычацца Расеі і Украіны. Такое рашэнне патлумачылі тым, што не хочуць нават ускосным чынам разбураць менскую перамоўную пляцоўку”.

Палітык Павел Севярынец лічыць, што ў гэтага рашэння беларускіх дэпутатаў іншыя прычыны:

– Так званыя дэпутаты нашага так званага парламенту – людзі несамастойныя. Галасуюць заўсёды паводле загаду згары. Таму, я думаю, гэта ўказ з Адміністрацыі Лукашэнкі, а там стаўленне да канфлікту паміж Расеяй і Украінай залежыць ад палітычнай кан’юнктуры. Калі трэба прагнуцца перад Крамлём, то могуць дэманстратыўна не падтрымаць еўрапейскі вектар. А калі трэба падымаць нейкія стаўкі і патрабаваць чарговага крэдыту, то могуць заартачыцца і не прызнаць, напрыклад,  незалежнасць Паўднёвай Асеціі.

Расея ж галасавала супраць дэкларацыі па акупацыі Крыма. Член Савета Федэрацыі Людміла Казлова сказала ў час выступу, што „на Расею льюць бруд”, „і ўварвання Расеі ў Крым не было”, „ва Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот”, а лідары крымскіх татараў „практычна пакінулі жыхароў Крыма без ацяплення, святла, вады і прадуктаў”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kievsmi.net