Беларускія ўлады могуць разлічваць на расейскую дапамогу



Беларускія ўлады могуць разлічваць на падтрымку Расеі перад прэзідэнцкімі выбарамі, упэўнены эканамічны эксперт Леў Марголін.

Леў Марголін

Чарговы крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, на думку эканаміста, Менск можа атрымаць нават не выканаўшы ўсе ўмовы папярэдняга крэдыту:

– У пазыках, якія дае Еўразійскі фонд – гэта вялікая роля такога палітычнага складніка, таму я думаю, што ёсць шанец нейкія грошы атрымаць. Не думаю, што гэта будзе вельмі шмат, недзе ў памерах 1,5-2 мільярда даляраў. Напэўна будзе так, што ўдасца абысціся абяцанкамі. Па меншай меры я думаю, што пару першых траншаў будуць атрыманы толькі пад абяцанні.

Беларусь мае ўсе шанцы на фінансавую падтрымку фонду. Раней з яго было пералічана на карысць афіцыйнага Менска 5 траншаў стабілізацыйнага крэдыту, аднак 6-га Беларусь так і не дачакалася. На дадзены момант вядуцца перамовы пра выдзяленне Беларусі новага крэдыту.

Фонд ЕўрАзЭС быў заснаваны шасцю краінамі-удзельніцамі: Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам, Расеяй і Таджыкістанам – у 2009-м годзе. На момант стварэння аб’ём сродкаў фонду ацэньваўся ў 8 з паловай мільярдаў даляраў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя