Беларусы Вялікабрытаніі: Выхад з ЕЗ аддаляе нас ад радзімы



Сусветныя фінансавыя рынкі і палітыкі ў чаканні вынікаў рэферэндуму ў Вялікай Брытаніі. 23 чэрвеня жыхары гэтай краіны маюць вырашыць пытанне: выйсці ці застацца ў Еўразвязе. Сацыялагічныя апытанні апошніх дзён кажуць, што колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў так званага “Брэкзіту” амаль роўная.

ClZhPRrWkAEaSfC

Па словах рэдактара сайта „Беларусы ў Вялікай Брытаніі” Ігара Іванова, які ўжо больш за 15 гадоў жыве ў Лондане, падзел у грамадстве па пытанні выхаду з ЕЗ хутчэй праходзіць па лініі „буйныя гарады і правінцыя”.

Ігар Іваноў: Калі напачатку практычна не было агітацыі на вуліцы, то цяпер вельмі шмат, і менавіта тых, хто агітуе, каб застацца ў Еўразвязе. І мне здаецца, што гэтая агітацыя ідзе ад прафсаюзаў. Напачатку прафсаюзы крышачку сумняваліся, ці трэба ў гэтым удзельнічаць, бо ініцыятыва аб рэферендуме сыходзіць ад расколу, які надарыўся ў Кансерватыўнай партыі. Прафсаюзы звычайна адстойваюць левыя палітычныя погляды, ім уся гэтая дыскусія была вельмі непрыемная. Але цяпер, калі стала відавочна, што сапраўды Брытанія можа прагаласаваць за выхад з Еўразвяза, прафсаюзы і Лейбарысцкая партыя сталі больш актыўныя і агітуюць, каб застацца. Ідэя рэферэндуму паходзіць ад Кансерватыўнай партыі. Аналітыкі кажуць, што Кэмеран – слабы прэм’ер-міністр, каб захаваць сваю ўладу і ў партыі, і як прэм’ер-міністр, яму давялося пагадзіцца на гэты рэферэндум. Як прэм’ер-міністр ён не хоча, каб Брытанія выходзіла з Еўразвяза. Але даволі значная частка ягоных аднапартыйцаў вельмі моцна гэтага хацела. І цяпер вырашальны момант: хто будзе кіраваць краінай, хто будзе кіраваць самой Кансерватыўнай партыяй. Дыскусія, якая тут дамінавала да апошняга часу, з большага паходзіла з гэтых кансерватыўных колаў. Тыя, хто агітаваў за выхад, яны вельмі моцна націскаюць на пагрозу міграцыі, маўляў, міграцыя прывяла да таго, што заробкі рабочага класу вельмі моцна ўпалі, ёсць пагроза тэрарызму. А тыя кансерватары, якія агітуюць за тое, каб застацца ў Еўразвязе, яны робяць націск на эканамічны чыннік, што выхад з Еўразвяза прывядзе да пагаршэння ўмовай для бізнэса, што фунт упадзе вельмі моцна, што людзі пацерпяць, у першую чарго тыя, хто працуе – сярэдні клас. А лейбарысты, і Зялёная партыя – яны адстойваюць крышачку іншае, прапануюць іншыя аргументы. Тое, што Еўразвяз – гарант спакою і міру ў Еўропе. Што мы 60 гадоў не мелі тут вайны, дзякуючы Еўразвязу. Таксаму што працоўныя цяпер маюць моцныя прывілеі, абароненасць сваіх правоў, у параўнанні з тым, што было да таго час, пакуль  Еўразвяз не пачаў адстойваць правы рабочых на ўсім кантыненце. Тут таксама справа з экалогіяй. Еўрапейскія стандарты нашмат больш жорскія, чым былі калісьці брытанскія нацыянальныя. Вось такі спектар палітычных аргументаў.

РР: Апытанні, якія публікуюць СМІ, паказваюць, што грамадства падзеленае амаль напалову. Ці сярод вашых знаёмых гэты падзел адчуваецца?

Ігар Іваноў: Я жыву цяпер у Лондане, з большага ў Лондане, я думаю, людзі прагаласуюць за тое, каб заставацца. Тут вельмі моцная прысутнасць людзей самых розных супольнасцяў. Я рабіў апытанне на сайце беларусаў Вялікай Брытаніі, як беларусы будуць галасаваць. І вось гляджу, што прыкладна 2/3 кажуць, што будуць галасаваць за тое, каб застацца ў Еўразвязе, а 1/3 каб выходзіць з ЕЗ. Але гэта не адлюстроўвае агульную карціну брытанскага грамадства. Тыя, хто жыве ў меншых гарадах, у вёсках, у правінцыі, яны з большага прагаласуюць за выхад. А беларусы сканцэнтраваныя ў вялікіх гарадах, перадусім у Лондане, думаю, што тыя беларусы, хто мае права галасаваць, з большага прагаласуюць за  тое, каб заставацца ў Еўразвязе. Таму што гэта вельмі цяжка сабе ўявіць, як мы маглі б страціць сувязь з кантынентам. Усё ж такі беларуская ментальнасць вельмі моцна звязаная з кантынентам, на шмат мацней, чым брытанская ментальнасць.

РР: Сярод тых закідаў, якія ставяць прыхільнікі адлучэння Вялікай Брытаніі ад ЕЗ, вы згадалі пагроза тэрарызму, пытанні міграцыі. Але агульнае ўражанне такое, што брытанцы, у прынцыпе, сваё сяброўства ў Еўразвязе і не адчувалі, бо фунт карыстаецца вялікай незалежнасцю, у параўнанні з многімі краінамі, якія нашмат далей пайшлі ў гэтай еўрапейскай інтэграцыі.

Ігар Іваноў: Менавіта. Таму гэтыя аргументы – пагроза тэрарызму – яны смешныя і надуманыя, таму што Брытанія захавала і свае межы, і кантроль, таму што калі прылятаеш у Брытанію з той жа Еўропы, напрыклад, з Варшавы, то ўсе пасажыры праходзяць праз мытны кантроль і праз памежны кантроль. І нічога не зменіцца, калі Брытанія пакіне Еўразвяз, застанецца тая ж самая мяжа і той самы кантроль.

РР: Але знікне працоўная сіла, якая прыехала з новых сяброй Еўразвязу.

Ігар Іваноў: Калі Брытанія хоча мець доступ да агульнага рынку, то мусіць згадзіцца са свабодай руху працоўнай сілы ў Еўропе. І такім чынам сітуацыя застанецца такой самай, якой яна існуе сёння. Але у дадзены момант ніхто не ведае, чаго Брытанія магла б дамагчыся ў выніку выхаду з Еўразвяза. Я думаю, што людзі, хто будзе галасаваць за выхад з Еўразвяза, яны з большага будуць галасаваць праз сэрца сваё, праз нейкі сантымент, праз гэтую моцную брытанскую ментальнасць, што мы адрозныя, і кантынент – гэта не зусім тое, што мы ёсць. А людзі, якія будуць галасаваць, каб застацца ў Еўразвязе – тут не толькі любоў да еўрапейскага, а найперш нешта такое разумовае, рацыянальнае, маўляў, калі выходзіць – то гэта невядомасць, ніводная іншая краіна такога яшчэ не зрабіла, і ніхто не ведае, да чаго гэта можа прывесці. Для беларусаў Брытаніі гэта падвойная небяспека,- калі мы выйдзем з Еўразвяза, то стане яшчэ больш складаней прыехаць сюды з Беларусі.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя