БХД будзе абскарджваць адмовы ў рэгістрацыі



Адмовы будзем абскарджваць — кажуць у Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі. Актывісты аргкамітэта па стварэнні БХД ідуць на выбары ў складзе правацэнтрысцкай кааліцыі беларускай апазіцыі, куды таксама ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя і рух «За Свабоду».

БХД вылучала ў парламент 32 патэнцыйных кандыдатаў, ужо вядома што 13 сябраў партыі зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў, а пяці сябрам адмовілі. Чапляліся да дробязяў, лічым адмовы беспадстаўнымі, сказаў у нашым эфіры Дзяніс Садоўскі з БХД:

— Адмовы генеральна звязаныя ў асноўным з дэкларацыямі і мы гэтыя адмовы ў большасці выпадкаў будзем абскарджваць, бо на наш погляд, і на погляд нашых юрыстаў — гэта фармальныя прыдзіркі. Пры гэтым безумоўна трэба адразу адзначыць, што хрысціянскія дэмакраты выдатна разумеюць, што ў Беларусі выбараў няма і мы ставімся да гэтага не як да выбараў, а як да парламенцкай кампаніі і выкарыстоўваем яе дзеля дасягнення сваіх мэтаў і задачаў.  

А гэта папулярызаваць дзейнасць БХД у беларускім грамадстве, дадае Дзяніс Садоўскі. Выбары ў беларускі парламент пройдуць 11 верасня.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя