Блуканні па пакутах Вячаслава Сіўчыка



Зранку сябру Рады Беларускага Нацыянальнага кангрэса, першаму старшыні незарэгістраванагаруху салідарнасці «Разам» Вячаславу Сіўчыку праз адваката была ўручаная позва на заўтрашні суд Цэнтральнага раёна сталіцы. Яна суправаджаецца паперай пра ягоную прымусовую яўку.

Гэткая ж позва ўручаная і на 6 чэрвеня. Усё — з-за ўстаноўчага з’езда Нацыянальнага кангрэса, што адбыўся 15 траўня ў скверы Янкі Купалы.

РР: Усё ж чаму, на Ваш погляд, такі падзел: заўтра судзілішча «за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства», а 6-га – «за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» у часе той жа падзеі? Звычайна гэта аб’ядноўваецца ў адну справу. А тут — два розныя суды і суддзі?!

Вячаслаў Сіўчык: Неверагодна! І нічым, акрамя палітычнага цкавання, гэта растлумачыць немагчыма. На жаль, зверху здзекуюцца і над судом, як установай. 24-га траўня фармальна адбылося судовае пасяджэнне, пра якое я не ведаў. Быццам бы, адзін з пратаколаў быў адпраўлены на дапрацоўку ў канцылярыю, пасля чаго яго аддалі іншаму суддзі. Чаму гэта паўнейшая ахінея? Мяне ўжо 20 разоў судзілі пасля вяртання ў Беларусь. І большасць прысудаў выносілася па пратаколах, якіх я ў вочы не бачыў. Гэтыя рашэнні немагчыма было нават аспрэчыць, бо ўсе мы ведаем, у якой сітуацыі знаходзіцца ў нас правапрымяненне. І ўжо не першы раз спецслужбы, быццам бы, дзеля абароны маіх інтарэсаў, як грамадзяніна, свядома разыгрываюць свае спектаклі.

РР: Успомнілася яшчэ адна дата ў Вашай асабістай палітычнай гісторыі. Маю на ўвазе 20-годдзе галадоўкі, якую абвясцілі пасля арышту ў часе тагачаснага Чарнобыльскага шляху…

Так, я тады быў адным з кіраўнікоў БНФ «Адраджэнне». На той момант арганізоўвалі акцыі, каб абараніць Беларусь ад беззаконня, якое нёс рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Хоць дыктатура яшчэ не была ўсталяваная. Супраць усяго кіраўніцтва БНФ была незаконна ўзбуджаная крымінальная справа. У выніку, Зянон Пазьняк з Сяргеям Навумчыкам апынуліся ў эміграцыі. А я разам з Юрыям Віктаравічам Хадыкам у СІЗА на Валадарцы. Мяне нават вымушаныя былі памясціць у рэанімацыю, але пасля адпусцілі. Лічу, што галадоўка пратэсту ў той момант спыніла рэпрэсіі як мінімум на некалькі гадоў. Улады пабойваліся саджаць па крымінальных справах за палітыку, бо ў той момант мы не адступілі. Сённяшнія падзеі для мяне дзіўныя, таму што, калі не браць пад увагу эпізадычных момантаў салідарнасці са мной, у мяне такое ўражанне, што апазіцыя адсутнічае. Тое ж тычыцца, на жаль, і незалежнай прэсы. Увесь час на працэсах па маім брутальным затрыманні ў пад’ездзе стаяла камера БТ і практычна адсутнічалі апазіцыйныя журналісты. Для мяне асабліва прыкра, што ўвесь гэты час, калі мяне «мочыць» улада, некаторыя «калегі» па апазіцыі ў Фэйсбуку сістэмна выдумляюць пра мяне ўсякія чуткі-плёткі. Спрабуюць ствараць штучныя канфлікты. На жаль, далучыліся і два паплечнікі створанага мной руху салідарнасці «Разам».

РР: Мэта ўсяго – адправіць Сіўчыка ў палітычны нябыт?

— Я – беларускі палітык. Зараз знішчаюць Беларусь. А калі так – трэба, каб стала меней нацыянальна-арыентаваных палітыкаў.  Пры чым знішчаць так, каб ад іх нічога не засталося!

IMG_1200

IMG_1197

IMG_1198

Гутарыў Віталь Сямашка Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара