БНФ заклікае Цэнтрвыбаркам не рэгістраваць Лукашэнку



Кіраўніцтва партыі БНФ заклікала Цэнтральную Выбарчую камісію не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у прэзідэнты.

Па словах намесніка кіраўніка партыі Рыгора Кастусёва, ужо на этапе збору подпісаў выявіліся шматлікія парушэнні і былі створаныя няроўныя ўмовы прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы.

– На працягу ўсёй гэтай перадвыбарчай кампаніі існуюць няроўныя ўмовы для прэтэндэнтаў у кандыдаты. Мы бачым, што перадвыбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі пачалася задоўга да выбараў, што таксама з’яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства. У звязку з гэтым партыя выступае за тое, каб Аляксандр Лукашэнка не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата, тым больш што ў час збору подпісаў былі парушэнні заканадаўства.

Афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты адбудзецца ў чацвер 10 верасня а 12-й гадзіне. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, пасля праверкі галасоў сабраных за асобных прэтэндэнтаў, хутчэй за ўсё будуць зарэгістраваныя кандыдатамі чатыры асобы: Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя