БНФ збіраецца падаць у суд на Улаховіча



Партыя БНФ мае намер падаць у суд на вярхоўнага атамана грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва», экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Улаховіча за параўнанне з ІДІЛ. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Выступаючы 6 лютага ў Менску на пазачарговым сёмым вялікім крузе казакоў, Улаховіч, у прыватнасці, заявіў: „Як ніколі нашай радзіме Беларусі неабходны спакой і вытрымка, а не хаос і лжэдэмакратыі, якія спарадзілі ІДІЛ на Блізкім Усходзе ці нешта да яго падобнае… Але у нас ужо ёсць франты — БНФ, „Малады фронт”, якія падобныя да ІДІЛу, імкнуцца да каляровай рэвалюцыі ў Беларусі„.

Мы лічым такія выказванні абсалютна недапушчальнымі, — сказаў Янукевіч. — Відавочна, што гэта з’яўляецца часткай расійскай прапаганды. Мы бачым, як удзельнікаў украінскай рэвалюцыі расейскія СМІ і палітыкі неаднаразова называлі фашыстамі, экстрэмістамі і гэтак далей. Мы бачым, што цяпер разгортваецца інфармацыйная атака на Беларусь. Патрыятычныя беларускія сілы, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам, выключна ў нацыянальных інтарэсах Беларусі пачынаюць ачарняць, навешваць на іх ярлыкі„.

„ІДІЛ — гэта тэрарыстычная арганізацыя, якая адказная за забойствы тысяч мірных грамадзян, — адзначыў лідар Партыі БНФ. — І, безумоўна, выкарыстанне назваў нашай арганізацыі і ІДІЛ недапушчальнае. Мы праз суд будзем патрабаваць ад Улаховіча выбачэнняў і дэзавуявання гэтых заяў”.

БелаПАН